Вы — нібы здані прада мною
далёкіх прадзедаў маіх,
з іх невыказнаю тугою,
з глухой жальбой і болем іх.
О камяні! — нямыя жорны
імхом парослай цішыні,
няўжо і дух іх непакорны
у вас, у чэрствых, не пранік?
Няўжо гарачаю падковай
конь Каліноўскага парой
з вас больш не высеча барвовы
агонь?..
Няўжо ваш лёс — спакой?
О камяні! Якая сіла
і хто вас можа абудзіць?
Вы — як пагаслыя свяцілы...
Няўжо павек вам не свяціць?..