Кастрычнік. Лета — на вакацыях.
Ці на Мальдывах, ці на Мальце.
А восень — майстра дэкарацыі —
ў тры змены лепіць аплікацыі
на "арт-выстАвачным" асфальце.
Нястомна з промнікамі рыскае
ў бярозках, ясенях і клёнах —
і "дапрацоўвае" над рыскамі
іх "асвятлення" — і вятрыскамі
зрывае рэшту ў "асвятлёных".
І кружыць "злішкі" карагодамі —
як кошка з мышкамі, гуляе.
А, нагуляўшыся "свабодаю"
іх ілюзорнай, з асалодаю
пад ногі некаму шпурляе.
Дажджом чаканіць, рэтушыруе —
і клее кропель суперклеем
да тратуараў...
І пазіруе:
на фоне спыненага выраю —
лістоты
восеньскіх
алеяў...