Мне сніўся сон: на полі сечы,
Дзе бітва жорсткая была,
Знянацку мне ўпілася ў плечы
Чужынца вострая страла.
Заслала вочы мне імглою.
I голас ратных згукаў сціх...
Крыжак спыніўся нада мною
I вырваў дзіду з рук маіх.
I я з палонам прымірыўся:
Што спадзявацца мне на цуд?
Ды ЁН перада мной з’явіўся
I рукі вызваліў ад пут.
I так сказаў: «Я грозны КАВА*
Нягожа быць табе рабом.
Вось меч. Або памры са славай,
Ці будзь заўжды папіхачом!»
I сілу я адчуў, і рушыў
Туды, дзе жорсткі бой кіпеў...
I за сабою чуў я мужны,
Непераможны, зычны спеў!
* Кава — бог вайны ў старажытных славян