Вершы беларускіх паэтаў

Нацыянальны паэтычны партал

Уваход

Раiм наведаць


Каб дадаць спасылку
на Ваш сайт, пiшыце ў
зваротную сувязь

Лічыльнікі

Казка аб рацэ Пцiч

Сярэдняя: 5 (4 галасоў)

Жыў ды быў у цёмным лесе
На гушчаравым Палессi,
Дзе Кiкiмар у бары
Заядаюць камары,
Дзе ў лагчынах Лесавiк
Кормiць кашай чаравiк,
Змей-Гарыныч трохгаловы
З вокам выпуклым, лiловым,
З лускай чорнай, нiбы смоль,
Надакучлiвы, як моль.

Кожны дзень на самым золку
Ён любiў гасiць вясёлку,
Сонца хмарай закрываць,
З крумкачамi ваяваць,
Нападаць на гарады,
Есцi з дубу жалуды,
Люд палохаць у дарозе,
Дзерцi лiсце на бярозе.
I з Ягiней па чарзе
Ён лятаў на качарзе.

Ад яго стагналi горка
Нават Месяц, нават зоркi.
Нават гразкае балота
Бедавала, як галота.
Натапыраны пугач
У дупле дрыжаў, хоць плач,
I халодныя вужакi
Пад кусты ўцякалi ў жахе.
А гняздзiўся Змей-Гарыныч
Недзе на рацэ Гарынi.

Ён аднойчы на ўзыходзе,
Абудзiўшыся ў лагодзе,
Паглядзеў на цiхi лес,
На пагорак стромкi ўлез,
Счуў, як б’е асiну дзяцел,
Як бабры ў падводнай хаце
Дрэва смачнае грызуць,
Як чмялi ў палях гудуць,
Ды падумаў: «I чагосьцi
Я раблю такiя злосцi?

Вунь, якiя ў свеце цуды!
Мабыць, мне спынiць пракуды?
А што як у гэтым леце
Грымне гром, завые вецер,
Здрыганецца ўся зямля,
Прыйдзе Мурамец Iлля
Цi Мiкiта Кажамяка
I мне голавы ўсяляка
Паадрубiць булавой.
Гэта дрэнна, вой-вой-вой!»

Змей-Гарыныч тым жа ранкам
Прымасцiўся каля ганка,
Лiст вялiзны лапуховы
Палажыў на стол дубовы,
У чарнiла з зелянушкi
Абмакнуў пяро Жар-птушкi,
Напiсаў сваёй радне:
«Прылятайце да мяне!»
I ягоную дэпешу
Па зямлi панеслi спешна
Трус, вавёрка, чорны грак
Ды паштовы ваўкалак.

Хуткiм часам на Гарынi
Трохгаловы род звярыны
Пазбiраўся на абед:
Змей-Прыпяцiч – людаед,
Змей-Бяседзiч баязлiвы,
Змей-Жэлонiч гаманлiвы,
Змей-Уборцiч чараўнiк,
Змей-Лавацiч рабаўнiк,
I з-за хмар на парашуце
Апусцiўся Змей-Iпуцiч.

– Ты чаго нас запрасiў? –
Iхнi гурт загаласiў.
– У мяне такая справа, –
Гаспадар казаў ласкава, –
Трэба нам пакiнуць злосцi,
А не тое раптам госцi
Нас наведаюць з мячом,
Замахнуцца над плячом
I пазносяць нам галовы
Цi парэжуць на паловы.

– Вельмi кепска мне, суседзi! –
Напужаўся Змей-Бяседзiч.
– Мусiць, нехта нас атруцiць? –
Хваляваўся Змей-Iпуцiч,
А Прыпяцiч i Жэлонiч
Захавалiся ў далонi.
– I на што ж нам спадзявацца? –
Запытаўся Змей-Дзiвацiч.
– Не журыцеся, сябры! –
Мовiў Змей з рацы Гарынь.

– Нам патрэбна неадкладна
Ўсiм сябе паводзiць ладна:
Не палiць агнём лясы,
Не ганяць з нары лiсы,
У саду не трэсцi грушы,
Трусаў не цягаць за вушы,
Не ўздымаць на моры хвалi…
Змеi ўсе засумавалi,
I хiхiкаў чорны грак
З гэтых змеяў-небарак.

Але ў гэтую хвiлiну
Хтосьцi перся праз малiну,
Праз калючыя кусты,
I змяiныя хвасты
Задрыжалi, нiбы дзецi.
Больш за ўсiх дрыжаў Бяседзiч:
Завываў i скавытаў,
Быццам смерць сваю вiтаў,
I схаваўся з галавой
Пад пякучай крапiвой.

На змяiную паляну
З-за малiны, з-за бур’яну
Выйшаў нейкi дзiўны цмок,
Што ад поту цалкам змок.
У яго крутыя рогi,
Перапончатыя ногi,
Скура, як у кракадзiла,
Ды кацiная мардзiла,
Быццам просiць гэты кот,
Каб пачухалi жывот.

– Добры дзень! – казаў чужынец. –
Вох, якi цяжкi гасцiнец
Вёў мяне да вас сюды
Праз краiны, гарады,
Праз балоты i пустынi,
Цераз горныя вяршынi,
Мiма безданяў i яраў,
Скрозь агонь лясных пажараў,
I якiсьцi хлопец гадкi
Мне ў крыло папаў з рагаткi.

Мо дазволiце на пнi
Адпачыць у цiшынi?
– Хто такi ты? Кiм ты будзеш? –
Запытаўся Змей-Iпуцiч,
А Бяседзiч з-пад куста
Бiў зубамi: «Тра-та-та!»
– Я не ведаю, кiм буду, –
Так казала цуда-юда, –
Жыў я ў велiчнай ракi,
У мяне былi бацькi.

Толькi як я нарадзiўся,
Даць iмя айцец забыўся.
Цi няўжо ў любой краiне
Можна так не дбаць аб сыне
Хоць знарок, хоць незнарок?
Ён жа быў вярхоўны бог!
На яго ва ўсiм Егiпце
Ворагi вастрылi кiпцi,
Бо ён шмат зрабiў паслуг
Для егiпецкiх акруг.

Навучыў iх шыць адзежы,
Будаваць буйныя вежы,
Пiрамiды i дамы,
Зладзiў лекi ад чумы,
Прыручыў каней i кошак,
Ураджай збiраў у кошык,
Даў жыццё iм год да ста
Ды празваўся богам Пта.
I таму цяпер, хоць хныч,
Я па бацьку проста Пцiч.

– Што за глупства! Вось лухта!
Хiба ёсць мянушка Пта? –
Не паверыў Змей-Лавацiч. –
А куды ж глядзела мацi?
Але пахмурны Змей-Пцiч
На яго глядзеў, як сыч,
Як на школу першы клас,
I прадоўжыў свой расказ:
– Вось аднойчы рэчку Нiл
Выпiў прагны кракадзiл.

I страшэнная спякота
Навяла на нас маркоту,
Нават тоўсты бегемот
Збег кудысьцi на ўзыход.
Я таксама па пустынi
Тупаў ластамi сваiмi,
Каб сустрэцца з прахалодай,
Цiшынёй i асалодай,
I, пакуль да вас дайшоў,
Рэчку дзiўную знайшоў.

Мiж лугоў i агародаў,
Мiж рагозаў i чаротаў,
Як ручнiк яна цячэ,
Быццам ткач палотны тчэ,
У краях лясных ляжыць.
Можна, там я буду жыць?
– Гэта добра! – падагульнiў
Змей-Жэлонiч змеяў гульнi: –
Кожны выбярэ рачулку
Для аховы i прытулку.

Чарадою жураўлiнай
Прама з гэтае хвiлiны
Мы на рэчкi паляцiм,
Толькi моцна не свiсцiм,
Каб нiкога не спалохаць,
I язык цару Гароху
Не паказваем дурны
Анi ў твар, нi са спiны,
Не высушваем дажджы.
Гэй, Бяседзiч, не дрыжы!

I да неба, быццам конi,
Паднялiся Змей-Жэлонiч,
Змей-Бяседзiч, Змей-Прыпяцiч,
Змей-Уборцiч, Змей-Лавацiч,
Змей-Дзiвацiч, Змей-Iпуцiч
Ды блiзня ягоны Друцiч.
А апошнiм адлятаў
Пцiч i жаласна крахтаў –
Вельмi сутаргай звяло
Перабiтае крыло.

Змей-Гарыныч iх праводзiў
Аж да ўзлеску на ўзыходзе,
Памахаў кiпцястай лапай,
Скавытнуў зубатай ляпай
Ды нырнуў глыбей у плынi
Дарагой ракi Гарынi.
Там ён рыбу вартаваў,
З Вадзянiкам жартаваў,
I ламбаду на Купалле
Змей з русалкай танцавалi.

З тых часоў на кожнай мапе
Можна з лёгкасцю натрапiць,
Калi слушна выбраць пуць,
Рэчку Убарць, рэчку Друць,
Прыпяць, Бесядзь i Жэлонь,
Ловаць, Iпуць, Лань i Лонь,
Дзiваць, Обаль, Вiць i Рось.
Каля iх гуляе лось,
Ды пад кожнаю ракой
Змей пiльнуе супакой.

I самотны госць змяiны
Не застаўся без хацiны,
Што яму да спадабання
Ў час тугi i вандравання
Так прыйшлася па нутры,
Што зашчымела ўнутры.
Вось тамусьцi тая рэчка,
Дзе ў палях бялее грэчка,
Дзе жыве рахманы Пцiч,
З той пары завецца Пцiч.