Вершы беларускіх паэтаў

Нацыянальны паэтычны партал

Уваход

Раiм наведаць


Каб дадаць спасылку
на Ваш сайт, пiшыце ў
зваротную сувязь

Лічыльнікі

Харошка

Сярэдняя: 3 (3 галасоў)
Сіняя,
Журботна-сіняя валошка.
Над узмежкам,
Над іржэўем —
У задуме, як жняя.
Валошка?
А можа, гэта ты, мая харошка?
Светлая
Харошка мая!

Падыду.
З трывогай гляну на пялёсткі.
Што адзін —
                       як звон праменя.
Што другі —
                        званчэй, званчэй.
Пялёсткі?
А можа, то —
                         заранак адгалоскі?
Добрае
Святло тваіх вачэй?

Так, як гаварыла,
Так, як наспявала:
Прыйдзе радасць, прыйдзе вера,
Прыйдзе дзень, бясконцы, залаты.
Наспявала?
А можа, то ў душы заўжды ўставала:
Дзень і сонца —
Там, дзе ты.
Там
I толькі там, дзе ты.

Сіняя,
Журботна-сіняя валошка.
Над узмежкам,
Над іржэўем —
                            як задумная жняя.
Валошка?
А можа, гэта ты — мая харошка?
Светлая
Харошка мая!

Будзеш марай,
Будзеш цішынёй, а можа, бурай,
I трывогай, і журбою,
I спагадай дарагой.
Толькі не зрабіся,
Не зрабіся
Безадмоўнасцю панурай,
Не зрабіся
Сумным здзекам, сумнай, роспачнай
                                                                тугой.

Хай мо толькі мроя,
Толькі мроя —
                           гэта сіняя валошка,
Толькі мроя —
Дол і неба,
I расіны
               над задумаю жніўя.
Ты заўсёды,
Ты заўсёды непаўторная харошка.
Ты са мною,
Харошка мая!