Восенню ты і вясною
Ніву упарта арэш.
Часам у рукі з любоўю
Пульхную глебу бярэш.
Следам сяўба надыходзіць,
Перадыхнуць не дае.
Зерне далоні лагодзіць,
Рукі залоціць твае.
Як збажына даспявае,
Гладзіш падчас каласы
І пад рукой адчуваеш
Родных дзяцей валасы.
Вось і жніво наступае.
І, прывітаўшы зару,
Шчодры ўраджай ты збіраеш,
Не пакладаючы рук.
Сёння дажынкі спраўляем, –
Рады цябе сустракаць.
Горды стаіш з караваем,
Што, як планета, ў руках.
Хоць і не хлебам адзіным –
Ў вечнай імгненняў сяўбе, –
Мілае сонца радзімы
Рукі цалуе табе.