Вершы беларускіх паэтаў

Нацыянальны паэтычны партал

Уваход

Раiм наведаць


Каб дадаць спасылку
на Ваш сайт, пiшыце ў
зваротную сувязь

Лічыльнікі

ХЛЮПОТНЫ ЛIСТАПАД ПРЫЛIПЛЫ, ШТО СМАЛА…

Сярэдняя: 4.4 (12 галасоў)

Хлюпотны лістапад прыліплы, што смала.
Ён кокашы задзёр закончаным трываннем.
Апошняе лісцё з’ядае паўімгла.
Пара сябе пацешыць «Дзікім паляваннем».

На даху – лёгкі снег, на шыбах – першы лёд…
Зарыйся ў пухкі плед, замры, як жонка Лота.
Трымацца на баку ад тарфяных балот
Не выйдзе, бо паўсюль бясконцыя балоты.

Працягвай, як мага, капеечнае шоу,
Падхлябістая здань у ношаным шлафоры.
Надзея, ты адна, і пан Андрэй пайшоў
Туды, дзе весялей, і не зазналі гора.

Сапсутае жыццё цябе кідае ў сплін,
I фарбы адцвілі ў самотнасці кароткай,
Ды сеткі, як павук, пляце наўкол Ялін
Спрывілены сваяк з палуджанаю глоткай.

Чым вусцішней жыццё, тым любата радзей.
Струхлела парахнёй зняможаная вера.
Спакою больш няма, бо жыць сярод людзей –
Смяротней, чым у скронь патрапіць з рэвальвера.

Штоноч сачыць з акна выродлівы гарбун.
Чакай, калі цябе сустрэнецца Вергілій!
Над багнаю нясецца прывідны табун
I цягне за сабой сабаку Баскервілей…

Ты ўвесь скурыў тытун, і думаеш няўцям,
Што тэлефон маўчыць. Прабіў гадзіннік восем.
Маркотны дэтэктыў. Метафары – к чарцям!
Для нас няма святла, а ёсць туга і восень.