Хмарка
Ніяк не выплачацца хмарка,
павісла на маім плячы.
Яе я супакойваў марна,
нічым не змог дапамагчы.
Яе прытоеная крыўда
сплывае кроплямі вады:
“Каханы малады вятрыска
мяне пакінуў назаўжды.
Калі яго я пакахала,
вясёлым воблачкам была.
Яму ж майго кахання мала,
як птушцы аднаго крыла…”
Паплач жа, хмарка! Сон палёгкі
атуліць хай твой сумны лёс.
Не плача ў гэтым свеце толькі
той, хто не мае болей слёз.