* * *
Памяці Зміцера Сідаровіча
Галасы – каласы пад сярпом Тваім, Божа.
Песня корміць, як хлеб.
І ў ліхія часы нават тым дапаможа,
хто знямеў ці аслеп.
Нават тым, хто не мае душэўнае цноты –
усвядоміць свой род.
А народ, што адно – за зямныя даброты,
ну які ён народ?
Галасы застаюцца, як душы зямныя,
што даюцца не ўсім
у дадатак да той, што памкнецца ў вышыні
праз сутонне і дым.
Кожны голас такі нашы лекуе сэрцы
ад знямогі і ран.
Кожны голас такі для жывых застаецца,
як зямны талісман.