Зачапілася хмарка за дах,
Разлілася багата дажджамі
Па шырокіх прырэчных лугах
З канюшынаю і гваздзікамі.
На шаўковых хусцінках травы
Дзьмухаўцы заквітнелі пад плотам.
Зашапталіся ўноч паплавы
З узбярэжным, цяністым чаротам.
Пад пранізлівы спеў салаўя,
Сіняй сцежкай блукаю ўвесь вечар
Без надзеі, што некалі я
Зноў прыйду да цябе на сустрэчу…