Мы ля вогнішча сушым манаткі свае.
Жрэм ражкі з кацялкоў. Штосьці горкае п’ём.
І зудзяць камары. І вакол буралом.
Нам вялікай ракі вельмі не дастае.
Ля ракі Хуанхэ дрэвы спяць у смузе,
падаюць промні сонца бы кроплі дажджу...
Глянь у вочы мае! Сядзь бліжэй да мяне!
Пра раку Хуанхэ я табе раскажу.
Ёсць рака Хуанхэ ў далёкіх краёх.
Побач з ёю — вялікі і шоўкавы шлях.
Там — Канфуцый бадзяўся і жыў першы ёг.
Там — будызм нарадзіўся ў блізкіх гарах.
За ракой Хуанхэ — краявід хоць куды!
Пальмы, айвы, платаны, апельсінавы рай...
У рацэ Хуанхэ многа жоўтай вады.
А краіну навокал называюць Кітай.
Там высокія вежы вялікай сцяны.
Там — людзей мільярд. Там —
гатуюць сакэ.
Там — надзейна схаваны кляштар
Шаалінь —
Ці на левы ці на правы бок ад ракі
Хуанхэ.
На рацэ Хуанхэ — пінгвінячы кірмаш,
змейкі гімны спяваюць, поўзаюць
кенгуру,
пысу выцягнуў з норкі цікаўны жыраф
і бурчыць, і раве, і пужае звяруг...
Там жар-птушкі ў пячоры яйкі кладуць,
дыназаўры і тыгры жывуць у хмызняку...
Антылопы газуюць, бізоны бягуць
на шчаслівае месца, на святую раку!