Прыснiцца зноў Яго Высокасць
Стары ля нашай хаты клён:
То, як вiном, духмяным сокам
Мяне з дарогi поiць ён;
То на руках сваiх высока
Мяне ўздымае, што вiдзён
Вялiкi свет, што цешыць вока
Вясёлкай будучынi дзён;
То, як святы, – над iм нiмб сонца, –
Малiтву шэпча, цi заклён...
Прыснiцца мне Яго Высокасць
Стары ля нашай хаты клён.
Ён чуў як хлопчыкам зялёным
Я аб каханнi уздыхаў.
I плакаў я пад гэтым клёнам
Як безнадзейна пакахаў...
Ды акрыяўшы з Божай ласкi,
Смяяўся радасна пад iм.
На ветры клён мне ў ладкi пляскаў,
Бо рад быў поспехам маiм...
Ён, як святы, – над iм нiмб сонца –
Малiтву шэпча, цi заклён...
Прыснiцца мне Яго Высокасць –
Ужо даўно нябожчык – клён.