Вершы беларускіх паэтаў

Нацыянальны паэтычны партал

Уваход

Раiм наведаць


Каб дадаць спасылку
на Ваш сайт, пiшыце ў
зваротную сувязь

Лічыльнікі

Клоун (казка)

Неяк раз адзін малады чалавек, назавём яго дзядзем Колем, у кепскім настроі позна вечарам вяртаўся дадому. Ён дзве гадзіны пад восеньскім дажджом чакаў сваю сяброўку, а яна на спатканне так і не з’явілася. Калі дзядзя Коля адчыняў дзверы свайго пад’езда, убачыў ката, які падышоў да яго і даверліва пацёрся аб нагу. Кот быў прыгожы, пушысты, хоць яго шляхетны выгляд трохі папсавала слота.
– І адкуль ты такі ўзяўся? – прамовіў дзядзя Коля, – штосьці я цябе раней не заўважаў.
– Кот, абнадзеены ўвагай чалавека, пайшоў следам за ім да самых дзвярэй кватэры. Дзядзя Коля на хвіліну задумаўся і, перапоўнены жалем, запрасіў бедную жывёлінку да сябе ў дом.
– Відаць, і ў цябе здарылася непрыемнасць. І мы з табой, як сябры па няшчасцю, – дабрадушна гаварыў новы гаспадар кату.
Калі і ў наступны раз малады чалавек не дачакаўся сваёй каханай, то яшчэ больш засумаваў. Усялякія дрэнныя думкі сталі яго наведваць. І хаця самому кавалак ежы ў гора не лез, аднак пакарміць ката не забываў.
Сядзіць аднойчы бедачына, паглыбіўшыся ў невясёлы роздум, як бачыць: кот забраўся на крэсла і ўстаў на заднія лапы, ды яшчэ і пакланіўся. Здзіўлены дзядзя Коля заўсміхаўся і на нейкі момант аб сваіх нягодах забыў. А як кот услед за тым ускочыў яму на плечы, дык аж засмяяўся:
– Аднак ты, братка, клоун! Але ж і разумнік! Ці не развесяліць мяне хочаш?..
– Прайшло нямала дзён і начэй, калі ў кватэры салаўіным пошчакам рассыпаўся тэлефонны званок і ў трубцы пачуўся да слёз знаёмы голас: яго любая прасіла прабачэння...
У хуткім часе на вяселлі дзядзя Коля, шчаслівы жаніх, не забыў на развітанне пацешыць гасцей забаўнымі нумарамі свайго выхаванца...
Неўзабаве ў сям’і нарадзілася дзіця і для яго кот-цыркач быў сапраўднай заба-вай! І кату было вельмі даспадобы гуляць з малюткай...
Аднойчы Клоун, – такую мянушку атрымаў кот, – ускочыўшы на падаконнік, раптам замяўкаў і пабег да дзвярэй – папрасіўся на двор. Дзядзя Коля кінуў позірк у акно і адразу ўсё зразумеў: непадалёку ад іх дома раскінуў свой шацёр цырк. Як і некалькі гадоў таму назад. Аднак пярэчыць кату не стаў, – сілком жа мілы не бу-дзеш! А той і сапраўды, толькі на двары апынуўся, – хвост трубой, – проста ў цырк пабег! Вырашылі ўсёй сям’ёй схадзіць у цырк.
Пасля выступлення гімнастаў на арэну выйшаў клоун Ціма з катамі. І сярод іх – кот Клоун! Усім гледачам вельмі спадабалася іх выступленне: доўга не змаўкалі апладысменты.
Як толькі закончыўся паказ, дзядзя Коля з жонкай і маленькім сынам падышлі да клоуна дзядзі Цімы і сказалі, што ў яго знаходзіцца іх кот. І дзядзя Ціма расказаў ім такую гісторыю:
– Калі мы тры гады таму, закончыўшы гастролі ў гэтым горадзе, ехалі на наступнае месца назначэння, здарылася аварыя. Некалькі клетак са звярамі выпалі з машыны, а адна, у якой знаходзіўся кот, упала ў бурную раку. Відаць, пры падзенні дзверца клеткі адчынілася і наш герой змог выбрацца з яе і выплыць на бераг. Аднак яго далёка аднесла цячэннем...
– І ён змог адшукаць тое месца, з якога вы ад’ехалі, дзе і сустрэўся са мной! – завяршыў расказ артыста дзядзя Коля.
Клоун дзядзя Ціма пагладзіў ката Клоуна і сказаў яму:
– Можа застанешся ў сваіх новых гаспадароў, яны ж табе таксама дарагія! Ды й на пенсію ў недалёкім часе давядзецца выходзіць. А мы ў гэты горад і ў будучым прыязджаць будзем...
І кот Клоун не стаў яму пярэчыць...



Отправить комментарий

  ____    ____  
| ___| | ___|
|___ \ |___ \
___) | ___) |
|____/ |____/
Калі ласка, увядзіце сімвалы на малюнку