Дзесяткі тысяч рук гартаюць "Каласы...",
І, як з глыбі стагоддзяў, чутны галасы:
"Урад для народа, а не наадварот -
гэткае ўлады наш годны народ.
Няма ў нас дваран, у нас роўныя усе -
калі тут не так, то дай волю касе,
бацькавай стрэльбе ды вострай сякеры.
Няволю, галечу выкінь за дзверы!"
Змяняецца свет, гады ў рады.
А тут усё жыццё пад знакам бяды,
і на краіну адзелі хамут -
вянок пахавальны ёсць сімвалам тут,
крывавая зорка, заход над дрыгвою.
Калі ж гэты жах нас пакіне ў табою?
Калі ўжо ўспомняць пра гонар ліцвіны
і перастануць гнуць свае спіны
пад грозным наглядам гарадавога?
Калі мы здабудзем сваю перамогу?
Збіраймася, хлопцы, памяць нас кліча,
Яська з-пад Вільні гукае нас зычна:
"Бярыце ў рукі свае ўжо зброю,
адзін за адным паўстаньце гарою!"
Памятайма, браты, хто мы ёсць:
блакітная кроў, белая косць.
Тут нават апошні з збяднелых сялян -
годны нашчадак ліцвінаў-славян,
што адбівалі наскокі арды.
Тут маюць гонар людзі... А ты?
Хто ты такі, сабе дай адказ,
мажліва, апошні ў гісторыі раз.
Песціш у сэрцы да краю любоў
ці марыш жыць у кіпцях імперскіх арлоў?
Ці, можа, за нечыя нафтадаляры
загінуць у Сірыі - вось твая мара,
страляць у суседзяў сярод тэрыконаў,
жыць па "понятиям", а не па законах?
Калі твой на гэта адмоўны адказ,
вітаем цябе, ты - адзін з нас.
Жывуць у сэрцах нашых Яськавы словы.
За праўду мужыцкую, за волю, мову,
за права тут жыць сваёю навукай
гатовыя лёс свой узяць у свае рукі,
бо вольна тады зажывуць толькі людзі,
калі ўжо прыгнёту над імі не будзе.
Маскоўскага, польскага - не важна гэта.
Тут і без іх сапраўднае гета
з гвалтам, гаўляйтэрам ды працаднямі,
і разбурыць гета мусім мы самі.
Чытайце ж радкі, што з любоўю пісаны
да роднага краю з палямі, лясамі,
да люду яго з нялёгкаю доляй,
да матчыных песень аб шчасці ды волі.
Радкі-ручаі ў мора думак сальюцца,
І, як каласы, не будзем мы гнуцца
ні пад сярпамі, ні пад штыхамі.
Бо мы - ёсць народ, - не манкурты ды хамы.