Вершы беларускіх паэтаў

Нацыянальны паэтычны партал

Уваход

Раiм наведаць


Каб дадаць спасылку
на Ваш сайт, пiшыце ў
зваротную сувязь

Лічыльнікі

Кожны дзень прачынаешся зранку

Сярэдняя: 3.8 (10 галасоў)

Кожны дзень прачынаешся зранку
Не ад слова ласкавага,
Не ад водара кававага –
Ад удара па карку.
Калі ж выберашся з гэтай цемры?
Ужо не застаецца цярпення…

Ён баіцца людзей –
Прылюдна цябе не чапае,
Кулакі ў кішэнях хавае
І бурчыць то грамчэй, то цішэй.
Ад яго бы бегчы хутчэй,
Ды ён бацька тваіх дзяцей.

Штотыднёва стабільна
Ты стаіш за сваімі дзвярыма
І галосіш нястомна, надрыўно,
Бо там дзеці равуць няўпынна.
“І каму ты патрэбна такая?”
Ты жа верыш таму, і трываеш.

Маці кажа: ”Цярпі, дурная!
Хай гуляе, б’е – значыць, кахае.
Супакоіцца ды перастане.
Ну а хто ж калі жыў у раі?
У хаце патрэбна дужа рука,
Як так жыць, без мужыка?!”

І за тыднямі цягнуцца тыдні:
Крыкі, сваркі, лаянкі, здзекі.
Кажуць, гэтак было спрадвеку,
А з сумесна нажытага – крыўда…
Заліваеш яе танным віном,
На дне жыцця шукаеш у шклянцы дно…

Звыклае сонца ў небе.
Лужы крыві ля парога.
Следчы даўно не бачыў такога
Забойства на бытавой глебе…
Істэрычны смех мяжуе з дзіўным спакоем,
Такой шчаслівай ты не была ніколі…