На памяць аб перамозе войска ВКЛ над крымскімі татарамі 5.08.1506 году на рацэ Лані каля Клецка)
Летняй парою, дзесь апаўночы
Ехаў я с Клецку да дому.
Вечар быў ясны, як позірк дзявочы,
Што шле хлапцу маладому.
Горка збягала дарогай да Лані,
Срэбранай змейкай што ўецца
У шатах альховых. Брод па паданні
Там Краснаставам завецца.
Лань то атуліць грудок-муражыну,
То да вярбы прыхінецца,
Гэтак хлапец забаўляе дзячыну,
Гэтак яна к яму льнецца.
Косы палошча вярба ў ручаіне,
Месячык срэбра цярушыць,
Спяць касачы у хмялёў павуціне,
Хваля аерам варушыць.
Ані душы, ані гуку якога.
Сціх ручайка говар жвавы.
Спіць Пінскі шлях - Кацярыны дарога
Да Пецярбургу з Варшавы.
Піць захацеў я. Збочыў з дарогі,
Сеў на грудок ды вадзіцы
Поўныя жмені набраў. Ад знямогі
Піў і не здолеў напіцца.
Бо саладзейшай была і ад мёду,
Роднай была, дарагою...
Ветрык прачнуўся, прынес ахалоду,
Месяц закрыла смугою.
Голаў падняў я. Белае зданне
З віру ўсплывае, з бяздоння...
Воблік цнатлівы, як сон ці каханне,
Што ці сустрэнеш сягоння.
Вось паднялася, стала на хвалю,
Лёгка рукою пазвала.
Я да вады падыйшоў. "Ідзі далей"
З болем і с просьбай сказала.
"Мо' беражэшся нашага роду?
Ці мо' баісься бяздоння?
Зла не зраблю я. Даў мне свабоду
Смагу спагнаўшы сягоння.
Вуснамі ты ажывіў маю душу
Спаў з яе камень-замова.
Чорт мяне спутаў, а як - табе мушу
Ўсе расказаць слова ў слова.
Год таму скора паўтысячы будзе
Людзі жыты сталі жаці
Раптам званы зазванілі. Ў іх гудзе
Спешна збіраліся раці.
Вестка пайшла, што намёты татараў
Хмарай ідуць навальнічнай.
Войска чакала. Суровыя твары
Ў гладзі застылі крынічнай.
Там прыхінулася жонка да мужа
З ей дзеці тату абнялі...
Ў кузнях кавалі, вастрылі аружжа
Іскры раямі ўзляталі.
Гоман, каманды, жанок галашэнне,
Мольбы, каб даў бог падмогу…
З коп’ямі ў латах закрыла рушэнне
На Ляхавічы дарогу.
З поўдня гасцінцам з Сінёўкі паўз Тучу
Войска ліцьвінаў спяшала,
Глінскі ля Кухчыч выйшаў на кручу
Стаў там на Лані ўдала.
Так з двух бакоў аблажылі татараў
Ў Крым перакрылі дарогу,
Князь Радзівіл тут са Слуцку прышпарыў
Конніцай споўніў аблогу.
Раптам ударыў пярун з бліскавіцай
Прама ў шацер белы хана.
Войскі сышліся, насмерць сталі біцца,
Біліся ўвесь дзень ад рана.
Глінскі па гацях выйшаў да броду,
Прама ў рацэ сталі біцца.
Кроў ручаямі сцякала у воду,
Вір заліла і крыніцы.
Хвалі панеслі далей тую кроў.
Лозам дарылі і травам.
З гэтай нагоды праз многа вякоў
Вір там завуць Краснаставам.
Ранкам на беразе Лані найшла я
Цела каханага Яна.
Шлем быў прабіты, кальчуга стальная
Мечам была разарвана.
Латы, кальчугу зняла я каб змыць
Кроў, што пакрыла ўсе цела...
Вусны нямыя шапнулі мне "Піць,
Піць..." і душа адляцела.
Гора агонь спапяліў розум мне,
Слёз маіх высахлі рэкі,
Лепей чым жыць, буду з мілым на дне
Мертвая з любым навекі.
Гэтак рашыўшы, яго абняла
Й скочыла ў вір галавою.
Хваля як маці нас прыняла,
Чуць гайданула травою.
Ў тры дні па сечы прыехаў святар,
Рызу уздзеў і арнаты.
Богу маліўся аб душах ахвяр,
Смерццю заўчасна узятых.
Псалмы спяваючы йдзе хросны ход
Ланню да брацкай магілы,
Раптам спыніўся, стаў ціха народ,
Хто там - дзяўчо й яе мілы.
Крэпка рукамі яго абвіла,
Вуснамі к вуснам прыпала,
Богу і лёсу не аддала
Моцна, навек цалавала.
З болем сардэчным рыдалі жанкі,
Ўпотай ацер Глінскі вочы:
„Разам хавайце, лёс іх такі
З любым навекі быць хоча!“
Ўсіх пахавалі, святар акрапіў
Там па парадку магілы.
Кветкі з садоў, з лугавіны ці з ніў
Людзі няслі, хто меў сілы.
Чорт жа маей завалодаў душой,
Вырак ей вечна нудзіцца,
Покуль не прыдзе ў ноч сечы былой
Хлопец, каб з Лані напіцца.
Вуснамі толькі ваду як кране
Знікнуць страшэнныя раны,
Янкі душа уваскрэсне, а мне
Будзе мой грэх дараваны.
Гэтак Яніна мне ўсе развяла,
Легкаю хмаркай ўзляцела
Ды й растварылася ў срэбры святла,
Месяц цадзіў што нясмела.
Вышаў на шлях я. Падкову знайшоў.
Можа мне шчасця жадала.
Болей за сорак прайшло ўжо гадоў,
Здані там больш не бывала.