Вершы беларускіх паэтаў

Нацыянальны паэтычны партал

Уваход

Раiм наведаць


Каб дадаць спасылку
на Ваш сайт, пiшыце ў
зваротную сувязь

Лічыльнікі

Станіслаў Высоцкі

Сярэдняя: 5 (1 голас)

Станислав Шастак
Я ведаў, мама, ты мяне чакала
Я чуў твой голас з родных мне грудзей.
Тым голасам нам песні ты спявала
І ім жа ўшчувала не радзей.

Той голас выпраўляў мяне ў дарогу,
У люты вецер ахінаў цяплом
І ўзносіў модлы па вячэры пану Богу,
Каб быў шчаслівы я і ўвесь мой дом.

Віхор развеяў родных мейсц карціны
Пасерабрыў і косы і груды
Апошнім часам мрою ўспаміны
Якой прыгожай ты была тады?

Ў той летні дзень, калі апошні золакі
Прамень на захад мне дарогу разаслаў
Накінуў на аблокі лук вяселакі
Абвіты у маністы росных траў.

І чаму ж не спыніў я машыну?
Чаму мне не шапнуў небакрай,
Што цябе назаўседы пакіну,
Ў раз апошні прамоўлю:"Бывай!"

Што цябе ў раз апошні цалую,
Абдымаю ў апошні разок!
І што болей ня ўбачу жывую
З родных вуснаў ня ўчую:"Сынок!"

Ажывае сталёвая просінь
Неба роднага нібы ў сне...
За акном звоніць золатам восень
Кліча зноў да матулі мяне.



Сярэдняя: 5 (1 голас)

На памяць аб перамозе войска ВКЛ над крымскімі татарамі 5.08.1506 году на рацэ Лані каля Клецка)

Летняй парою, дзесь апаўночы
Ехаў я с Клецку да дому.
Вечар быў ясны, як позірк дзявочы,
Што шле хлапцу маладому.

Горка збягала дарогай да Лані,
Срэбранай змейкай што ўецца
У шатах альховых. Брод па паданні
Там Краснаставам завецца.

Лань то атуліць грудок-муражыну,
То да вярбы прыхінецца,
Гэтак хлапец забаўляе дзячыну,
Гэтак яна к яму льнецца.

Косы палошча вярба ў ручаіне,
Месячык срэбра цярушыць,
Спяць касачы у хмялёў павуціне,
Хваля аерам варушыць.

Ані душы, ані гуку якога.
Сціх ручайка говар жвавы.
Спіць Пінскі шлях - Кацярыны дарога
Да Пецярбургу з Варшавы.

Піць захацеў я. Збочыў з дарогі,
Сеў на грудок ды вадзіцы
Поўныя жмені набраў. Ад знямогі
Піў і не здолеў напіцца.

Бо саладзейшай была і ад мёду,
Роднай была, дарагою...
Ветрык прачнуўся, прынес ахалоду,
Месяц закрыла смугою.

Голаў падняў я. Белае зданне
З віру ўсплывае, з бяздоння...
Воблік цнатлівы, як сон ці каханне,
Што ці сустрэнеш сягоння.

Вось паднялася, стала на хвалю,
Лёгка рукою пазвала.
Я да вады падыйшоў. "Ідзі далей"
З болем і с просьбай сказала.

"Мо' беражэшся нашага роду?
Ці мо' баісься бяздоння?
Зла не зраблю я. Даў мне свабоду
Смагу спагнаўшы сягоння.

Вуснамі ты ажывіў маю душу
Спаў з яе камень-замова.
Чорт мяне спутаў, а як - табе мушу
Ўсе расказаць слова ў слова.

Год таму скора паўтысячы будзе
Людзі жыты сталі жаці
Раптам званы зазванілі. Ў іх гудзе
Спешна збіраліся раці.

Вестка пайшла, што намёты татараў
Хмарай ідуць навальнічнай.
Войска чакала. Суровыя твары
Ў гладзі застылі крынічнай.

Там прыхінулася жонка да мужа
З ей дзеці тату абнялі...
Ў кузнях кавалі, вастрылі аружжа
Іскры раямі ўзляталі.

Гоман, каманды, жанок галашэнне,
Мольбы, каб даў бог падмогу…
З коп’ямі ў латах закрыла рушэнне
На Ляхавічы дарогу.

З поўдня гасцінцам з Сінёўкі паўз Тучу
Войска ліцьвінаў спяшала,
Глінскі ля Кухчыч выйшаў на кручу
Стаў там на Лані ўдала.

Так з двух бакоў аблажылі татараў
Ў Крым перакрылі дарогу,
Князь Радзівіл тут са Слуцку прышпарыў
Конніцай споўніў аблогу.

Раптам ударыў пярун з бліскавіцай
Прама ў шацер белы хана.
Войскі сышліся, насмерць сталі біцца,
Біліся ўвесь дзень ад рана.

Глінскі па гацях выйшаў да броду,
Прама ў рацэ сталі біцца.
Кроў ручаямі сцякала у воду,
Вір заліла і крыніцы.

Хвалі панеслі далей тую кроў.
Лозам дарылі і травам.
З гэтай нагоды праз многа вякоў
Вір там завуць Краснаставам.

Ранкам на беразе Лані найшла я
Цела каханага Яна.
Шлем быў прабіты, кальчуга стальная
Мечам была разарвана.

Латы, кальчугу зняла я каб змыць
Кроў, што пакрыла ўсе цела...
Вусны нямыя шапнулі мне "Піць,
Піць..." і душа адляцела.

Гора агонь спапяліў розум мне,
Слёз маіх высахлі рэкі,
Лепей чым жыць, буду з мілым на дне
Мертвая з любым навекі.

Гэтак рашыўшы, яго абняла
Й скочыла ў вір галавою.
Хваля як маці нас прыняла,
Чуць гайданула травою.

Ў тры дні па сечы прыехаў святар,
Рызу уздзеў і арнаты.
Богу маліўся аб душах ахвяр,
Смерццю заўчасна узятых.

Псалмы спяваючы йдзе хросны ход
Ланню да брацкай магілы,
Раптам спыніўся, стаў ціха народ,
Хто там - дзяўчо й яе мілы.

Крэпка рукамі яго абвіла,
Вуснамі к вуснам прыпала,
Богу і лёсу не аддала
Моцна, навек цалавала.

З болем сардэчным рыдалі жанкі,
Ўпотай ацер Глінскі вочы:
„Разам хавайце, лёс іх такі
З любым навекі быць хоча!“

Ўсіх пахавалі, святар акрапіў
Там па парадку магілы.
Кветкі з садоў, з лугавіны ці з ніў
Людзі няслі, хто меў сілы.

Чорт жа маей завалодаў душой,
Вырак ей вечна нудзіцца,
Покуль не прыдзе ў ноч сечы былой
Хлопец, каб з Лані напіцца.

Вуснамі толькі ваду як кране
Знікнуць страшэнныя раны,
Янкі душа уваскрэсне, а мне
Будзе мой грэх дараваны.

Гэтак Яніна мне ўсе развяла,
Легкаю хмаркай ўзляцела
Ды й растварылася ў срэбры святла,
Месяц цадзіў што нясмела.

Вышаў на шлях я. Падкову знайшоў.
Можа мне шчасця жадала.
Болей за сорак прайшло ўжо гадоў,
Здані там больш не бывала.



Сярэдняя: 5 (3 галасоў)

Ціхі, бязвоблачны вечар,
Чэрвеньскі, белы паўзмрок,
Вузкія, ломкія плечы,
Светлы, загадкавы зрок.

Ўецца дарога шалям,
Колы сакочуць зноў..
Зноў расстаюся з жалям
З сіняю стужкай лясоў.

З цёплым, сярэбраным плёсам,
Поўным бялюткіх лілей,
З марай юнацкаю. З лёсам,
З тым, што не збыўся далей.

Падае долу хусцінка...
Свеціцца белы палын...
Дзесці ў дзяцінстве хацінка,
Цёмны над возерам млын.

Ўсё так далёка-далёка,
Што ані чым не дагнаць...
Колы сакочуць... Навокал
Знічкамі вокны мігцяць.



Сярэдняя: 5 (3 галасоў)

Наш радавод зусім кароткі,
Сягае мо’ на трыста год;
Забылі з мовай памяць продкі
І бела-рускім стаў народ.

Што ж тое ''бела'' азначае,
Нясе прыкмету, змест які?
Ніхто таго ўжо больш ня знае,
Бо праляцелі тры вякі

З тае пары, як Аўгуст Саскі*,
Што ''Моцным'' звалі між жанок,
Стаў польскім каралем і наскім,
Звяў мовы роднае вянок.

І польскі jenzyk стаў нанове
Дзяржаўнай мовай. І забылі
Статуты ВКЛ. Панове
На ім пісалі й гаварылі.

Ліцвін стаў на Ліцьве чужым,
Не разумеў бо часта мову,
Na kturaj muvіlі ўжо з ім
Да бога йшоў ці ў установу.

І мы як тыя сіраціны
Шукалі шчасця й лепшай долі
Не дома ўжо, а на чужыне.
А край галеў, дзічэў поволі.

Без мовы мы асірацелі.
Без памяці - які прагрэс?
Кароль чужы не дбаў каб елі,
Свой толькі помніў інтарэс.

Той Аўгуст Моцны - Людзвіг новы
Ламаў жанок, ламаў падковы.
А Брюль - яго міністар бравы -
За гэты час скраў паў-дзяржавы.

Улезлі у вайну са шведам,
Ліцьву драпежнікам аддалі:
Прайшоўся Карл і Петра следам,
Людзей нібы снапоў наслалі.

Ды Божа даў перасцярогу:
Пятра й Саксонца ў Стыкс адправіў.
Каб к шчасцю мы найшлі дарогу,
Каб князь літоўскі намі правіў.

Ды пыха розум й зрок заслала
Панам і шляхце. Бо бясконца
Рэч Паспаліта балявала
І пьянай выбрала саксонца.

Быў целам тоўсты, духам слабы
Сын "Моцнга" - той Аўгуст трэці.
Яму й адной хапіла бабы,
Каб з ёю кош дзяцей займеці.

Любіў ён оперу і спевы,
І хоць быў тлусты, але зрокам
Арла валодаў. Без сумневу
Трапляў у злоты за 100 крокаў.

Любіў абед, сняданак смачны.
Дух рамантычны меў. Карціны
Збіраў, купляў. Яму удзячны
За тое немцы штохвіліны.

Сабраў ён тую прыгажосць
Бадаў з усяго свету,
Ды аплаціў яе як ёсць
Літоўскаю манетай.

Пайшоў на продаж лес і мёд,
Ільну ды жыта горы.
Ці голад быў, ці недарод -
Ўсе граблі з каморы.

У Дрэздэне палац паўстаў
Для тых карцін шыкоўных
І назаўжды нямецкім стаў
Ліцьвы набытак кроўны.

І хоць ліцьвін не дзікім слыў
Ды ў тым ня жыў палацы,
Што збудавалі з яго ніў
І з рук ягоных працы.

Мы аддалі сваё дабро
Палякам ды саксонцам,
Нібы паводкаю плыло
На захад ўсё бясконца.

З Ліцьвы амаль што 30 год
Ссаў сокі Аўгуст ІІІ.
Збялеў, збяднеў Літвы народ,
Лугі спусцелі й клеці.

Збялела, выцвіла Літва,
Бо кроў усе смакталі.
Каму балела галава,
Аб чым жанкі пяялі.

Хто тую мову разумеў?
На што была патрэбна?
Скаціну каб загнаць у хлеў?
Хадзіць у світцы зрэбнай?

Каб луг касіць, араць валокі,
Каб гнаць плыты у край далёкі,
Прыгожых слоў зусім ня трэба
Каб выжыць - вось была патрэба:
"Дай Божа міру і дай хлеба!"

І край бляднеў, бо з жылаў сокі
Цягнулі спраўна крывасмокі.
І кожын дзень, за годам год
Ўсе больш бялеў Ліцьвы народ.

Ды ў свеце ўсе ідзе чаргою,
Вясна прыходзіць за зімою,
Растане снег і яго воды
Раструшчаць, змыюць перашкоды,
Зазелянеюць луг і нівы
І рады мы, што ўсе-ткі жывы.

Так і Ліцьва. Бог даў збавенне
Як пад Хрыстова нараджэнне
На трон і польскі і літоўскі
Ўзыйшоў ліцьвін - Стась Панятоўскі.

*Аўгуст Саскі - так празвалі ліцьвіны (беларусы) Фрыдрыха Аўгуста І, (нарадзіўся 12.5.1670, Дрэздэн; пам. 1.2.1733, Варшава), пад імем Аўгуст іі (моцны) - курфюрст Саксонскі, Кароль Польскі і Вялікі Князь ВКЛ (з 1697 по 1733). вялікі сябра і сабутыльнік Пятра і. Славіўся тым, што ламаў падковы і перамагаў альковы прыгажунь, прымяняючы пры гэтым ўсе сродкі ціску як на саму кабету, так і на яе радню ці яе мужыка аж да ўзроўню яго міністраў. Перамог на ратным полі не зазнаў, падбухтораны Пятром І, улез у Паўночную вайну Петру і, быў біты і згубіў карону, якую яму вярнуў яго сябра.