Вершы беларускіх паэтаў

Нацыянальны паэтычны партал

Уваход

Раiм наведаць


Каб дадаць спасылку
на Ваш сайт, пiшыце ў
зваротную сувязь

Лічыльнікі

Крокі

Яшчэ не ацэнена

Крокі — будзённага побыту кропкі,
крокі хвілін,
гадзін і дзён.
Як мы ступаем,
як робім крокі,
так і жывём, так і ідзём.
Аднойчы ступіўшы,
нагамі апору
намацаўшы,
будзеш ісці і ісці,
кроіць хадою
час і прастору —
ад першага
і да апошняга кроку ў жыцці.
Ходзім па-рознаму,
ходзім па-рознаму, —
то хістка,
то роўна,
чаканячы крок,
на полі цалінным за плугам —
барознамі,
на ратным полі —
узвёўшы курок.
Крокі цаглін,
што ў падмурак кладуцца,
для даху
апораю прыдадуцца, крокі,
якімі завершым гмах...
Хоць ліхаманку дарожную лаеш,
нагамі кратаеш
зорную ціш.
Адзін яшчэ крок —
і вяршыню сядлаеш,
адзін яшчэ крок —
і ў бездань ляціш...
Крок накіроўваючы таропкі,
супольна ўступай
з наступным у пай.
Крокі —
самой вечнасці кропкі:
ступай жа, маё чалавецтва,
ступай!