Чалавеку
Кропля вады ў далонях.
Кропля вады... Адна...
Гарача-агністыя коні
грымяць капытамі ў скронях,
а кропля вады адна.
Адна?
Не адна,
а мора.
Цэлае мора ў кроплі!
Таму і смага – не гора,
таму і стома – не змора:
цэлае ж мора ў кроплі!
Цэлае мора... Міжволі
крануў языком...
Да дна!!
Не думаў, не верыў ніколі,
што кроплі будзе даволі,
хоць кропля была адна.