REBEL YELL
Гэты горад даўно паў ніц,
на каленях Святы прастол,
у блакіце старых вачніц
гнёзды ўюць крумкачы наноў…
Горад паў, ваяры сышлі,
заваёўнік узняў свой сцяг,
ды з-пад скроняў сівой зямлі
землятрус прабівае шлях;
б'е ў свой бубен сейсмічны гром -
нараджаецца стогнам цел;
юнаком, маладым змагаром,
чуй, заводзіцца Rebel Yell
─ Годзе! Хопіць!
Паўстань і кроч!
Сарданічную маску ─ прэч!
Скінь смугу з невідушчых воч!
Груз адпрэч са здранцвелых плеч!
Тую песню падхопіць бор,
птушкі, дрэвы, рака, жыты...
Ўкратаваны ў працяглы змор,
ці ж падхопіш, народзе, ты?..