Вершы беларускіх паэтаў

Нацыянальны паэтычны партал

Уваход

Раiм наведаць


Каб дадаць спасылку
на Ваш сайт, пiшыце ў
зваротную сувязь

Лічыльнікі

Куды падзеўся апетыт?

Сярэдняя: 4.5 (2 галасоў)

Бядуе бабуля:
Што стала з унукам?
Ў задуме дзядуля
Цярэбіць за вухам.
Прапаў апетыт
У Алеські малога, –
Ад раніцы
Есці не хоча
Нічога, –
Ні кашы з варэннем,
Ні булачкі з макам,
Ніякіх ласункаў,
Ніякіх прысмакаў!

– Куды ж апетыт твой,
Унучак,
Падзеўся? –
Дзед глянуў пад стол, –
Тут няма.
Можа, дзесьці
Пад ложкам, гарэзнік,
Ці ў шафе схаваўся?
Ты дзе, апеты-ыт?! –
Толькі той не азваўся.

Тут голас падаў,
Усміхнуўшыся,
Тата:
– Напэўна, праз фортачку
Выскачыў з хаты!
Збірайся, Алеська,
На вуліцу пойдзем,
І твой апетыт,
Можа, там недзе знойдзем.

Шукалі ў акрузе:
У полі, у лузе,
За рэчкай у гаі
Хадзілі,
Гукалі…

Дадому прыйшлі
І абедаць паселі,
І ўсё, што ў талерках было,
Чыста з’елі.

Алеська ж
Яшчэ папрасіў і дабаўкі.

Рукамі ўсплёснула
Радасна бабка:
– Аднак не дарэмна
Вы доўга блукалі:
Цудоўны такі
Апетыт адшукалі!