Ціха ў хаце.
З кута, з іконы
Пазірае на нас Ісус.
Акуратна паверх саломы
Разаслала бабуля абрус.
Чыста ў хаце.
Чыгун пузаты
Ганарліва бачком блішчыць,
Бо святочнай куццёй не часта
Выпадае сям’ю карміць.
Светла ў хаце.
Міргае свечка,
Прымасціліся цені наўскос,
А рамонкавы водар з печы
Так прыемна казыча нос.
Свята ў хаце.
Ўладарыць тайна…
І анёлкі на гэты час
Думкі светлыя, жыццядайныя
Павыводзілі на папас.