Вершы беларускіх паэтаў

Нацыянальны паэтычны партал

Уваход

Апошнія водгукі

Раiм наведаць


Каб дадаць спасылку
на Ваш сайт, пiшыце ў
зваротную сувязь

Лічыльнікі

Святлана Локтыш

Сярэдняя: 4.1 (211 галасоў)

Адною з веснавых прыкмет,
Сярод зімы, нібы для смеху,
Нясмела з-пад гнілога снегу
Зірнулі прымулы на свет.

Вось так і наша пачуццё —
Цераз напластаванні думак,
Скрозь церні гарадскога тлуму —
Шукала права на жыццё.

Ды не ў пару — мароз вясной,
І рана сад зацвіў дарэмна.
І наш з табой раман — не ў тэрмін,
Бо ты — той самы, а — не мой.

Магло б... але ж не адбылося.
Маглі б... ды толькі не цяпер.
І мне шуміць лістотай сквер
Аб непапраўнай адзіноце.



Сярэдняя: 5 (4 галасоў)

Светлай памяці маёй бабулі
Ф. Я. Літвіновіч прысвячаю…

Жыццё пакінуць як героі
Адзінкі з тых, хто жыў на свеце.
Астатнім жа ні скарб, ні зброя
Не дапамогуць перад смерцю.
Тут жыў, тут — знік. Імя — і тое
Забудуць людзі вельмі хутка.
Сплывуць імкліваю вадою
У вечнасць словы, справы, чуткі.
Ці не таму у час адказны
Пад ціскам страху таямніцы
Зняважаць іншыя, абразяць
Тых, хто лячыў іх у бальніцы,
Ці змучаць родных, не іначай,
Не стогнам болю ад расстання,
А нейкай зайздрасцю свярбячай:
“Яны — жывуць, мяне — не стане…”

Ды ёсць і іншыя з смяротных:
Ад іх жыцця спрадвечным вее
І нават іх апошні подых
Нясе святло, цяпло, надзею…

Гады, як знічкі, прамільгнулі,
А мілы вобраз — неадступны.
І сёння чую шэпт бабулі,
Які злятаў з бяскроўных вуснаў:
“Жыві па-Божаму, унучка,
Будзь шчырай, добрай, не зласлівай,
Давай работу сваім ручкам —
Без працы нельга быць шчаслівай.
Скачы, спявай на радасць людзям
І прэч гані тугу ліхую.
Няхай твой тварык светлым будзе.
І не шкадуй мяне, старую.
Не варта слёзкі ліць дарэмна —
Я аджыла сваё на свеце.
А зараз мне ужо патрэбна
Аслабаняць дарогу дзецям…”

Бабулін запавет і прыклад
Нясу праз лёс свой асцярожна.
Яна жыла праўдзіва, светла
І адышла ў нябыт — прыгожа.



Сярэдняя: 4 (5 галасоў)

Вершы пішуцца ад рукі.
Што прагрэс для эмоцый узлёту!
Не пазбавіць ён асалоды,
Нібы той легкакрылы лайнер,
На паперу садзіць радкі —
То рыўкамі, то мякка, плаўна.
Вершы пішуцца ад рукі.



Сярэдняя: 4.8 (4 галасоў)

Матуліны рукі, як птушкі, лятаюць,
Здаецца, нібыта і стомы не знаюць.

І крыжык за крыжыкам роўна кладзецца:
Як быццам гаворка аб нечым вядзецца.

То чорны, то белы, то колер ружовы:
Здзіўляюць, уражваюць, вабяць узоры.

Чаруюць матуліны рукі ад ранку,
Укладваюць душу ў ручнік-вышыванку.

І ціха за ніткаю песня вядзецца:
Як цяжка ў жыцці без кахання жывецца,

Як хутка праходзяць гады маладыя,
Бы ў церам зайшлі малайцы удалыя...

Я побач з сястрычкай малодшай гуляю.
Здаецца ж, матулю не заўважаю.

А бач ты, імчыцца на крылах-гадах
Карцінка. І сёння стаіць у вачах:

Чаруюць матуліны рукі ад ранку,
Укладваюць душу ў ручнік-вышыванку,

І сумна за ніткаю песня вядзецца –
Аб долі ўдавы нейк інакш не пяецца.