Вершы беларускіх паэтаў

Нацыянальны паэтычны партал

Уваход

Раiм наведаць


Каб дадаць спасылку
на Ваш сайт, пiшыце ў
зваротную сувязь

Лічыльнікі

Ледзь чутны спеў у цішыні...

Яшчэ не ацэнена

Ледзь чутны спеў у цішыні
Скляпенняў велічных сабора.
Журба, надзея і пакора
Лунае ўзнёсла ў вышыні
Самотна, быццам плач пра ўчора,
Маленечкай спявачкі гора.

Мой Бог, яе не падмані:
Знайдзі прытулак, дай патолю,
Злагодзь і сціш усплёскі болю,
Яе анёла штурхані –
Паспаць яшчэ паспее ўволю –
Хай паклапоціцца пра долю.

Табе вякі – як людзям дні!
Свайму маленечкаму твору
Ты даў прасвіры і кагору –
На вынікі разок зірні,
На вочкі, што глядзяць угору
Ў чысцюткай веры без дакору.

Крылом надзеі ахіні
Душу і ў Часе, і ў Прасторы –
Яна важней за ўсе саборы,
Яе спагадай не міні!..

Ды дзверы раптам у прытворы
Усё пазбавілі апоры,
І свечак ніцыя агні,
Нібыта выканалі ролі –
Паклон адбілі ветру з волі,
І ноткі дзіўнай чысціні
Маленькай ластаўкі-сваволі
Заблыталіся ў фрэсках столі
І не знайшлі сабе патолі…
У змрочнай, гулкай цішыні –
Ані…

2000