Легенда пра бусла.
(з серыі "Легенды і паданні Беларусі"
напісана па матывах народных паданняў)
Даўным даўно гэта было.
Зямля квітнела, усё цвіло.
На небе дзесьці жыў і Бог -
Пярун, Вялес ці мо Сварог?
Ніхто не ведае дакладна.
Гавораць рознае і складна.
Гуў лес і пухкалі балоты
І столькі ўсякае брыдоты
Там развялося, што не стала
Ад іх ратунку. Дзе папала
Гадзюкі поўзалі, вужы,
Рапухі, яшчаркі, смаўжы.
Кішэла гадствам наваколле,
Паўзлі яны з дзвярэй і з столі.
Зусім жыцця ад іх не стала
І ні дарослым, і ні мАлым.
І вось тады за дапамогай
Звярнуўся чалавек да Бога.
Маліў, Зямлю каб дапамог
Ад паўзуноў ачысціць Бог.
Тварэц, пачуўшы боль людскую
Маўляў: « Зямлю я ўратую,
Але не проста так, з умовай -
Дай, чалавеча, ты мне слова
Што дапаможаш трохі ў гэтым...
Бог пазбіраў з усяго свету
Усё, што поўзала, у мех
І завязаў вяроўкай верх.
Таго паклікаў чалавека.
І кажа: «Кінь мяшок у рэку.
Тут у мяшку сакрэт вялікі.
І хто б ні зваў з яго, ні клікаў
Ты не павінен адгукацца,
Бо можа мех той развязацца,
А гэта нельга дапусціць.
Павінен ты вось так зрабіць.»
«Зраблю я ўсё, як мае быць.» -
Згадзіўся чалавек. І кіць!
Тоў велізарны мех на плечы.
Пайшоў раку шукаць, дарэчы.
Мяшок, як хтосьці падмяніў,
Заварушыўся ўвесь, ажыў,
Стаў па спіне качацца шарам,
Візжэць, шыпець, палохаць карай.
А чалавек цярпеў і нёс…
Было не вытрываць, да слёз.
І калі быў зусім у знямозе,
Прысеў пад вербачкай у лозе.
І тут найшло на яго ліха,
Спакуса: « Дай хоць вокам, ціха,
Я загляну ў прыкры мех.
Няўжо вялікі гэта грэх?
Хоць буду ведаць, што таплю.
Бо, што сказаў, тое зраблю!»
Канец вяроўкі пацягнуў…
Ды толькі ў шчыліну зірнуў
І тут жа мячыкам адскочыў.
Гадзюка вынырнула ў вочы.
За ёй усе палезлі гады...
І апусцеў мяшок пракляты.
Бог паглядзеў на гэта крыва
І раззлаваўся не на дзіва.
На ўсе нябёсы ён зароў:
«Ты, чалавек, мяне падвёў!
Не быць табе больш чалавекам!
Буслом зраблю цябе навекі,
Каб гадства, што з мяшка пусціў,
Ты ўсё жыццё сваё лавіў!»
Вось с той далёкае пары
І завяліся ў нас буслы...
Ахоўнік, сімвал Беларусі!
Святою птушка стала - бусел!
© Copyrіght: Людмила Воронова Супрун, 2016
Свидетельство о публикации №116061504500