Вершы беларускіх паэтаў

Нацыянальны паэтычны партал

Уваход

Раiм наведаць


Каб дадаць спасылку
на Ваш сайт, пiшыце ў
зваротную сувязь

Лічыльнікі

Легенда з Торы

Яшчэ не ацэнена

Паміж туманных літар Торы,
Чые птушыныя сляды
Сувоя друзлага прасторы
Параскладалі на рады,

Схавана даўняе павер’е,
Якое некалі знайшоў
Стары пісец, вастрыўшы пер’е,
Калі сыходзіў у Шэол.

Аб церні ігласкурых знакаў
Раздзершы на шматкі таліт,
Ён не юродстваваў, не плакаў –
Той масарэт-касмапаліт,

Бо ведаў, што па волі Ягвэ
Стокроць прызначана яму
Ў жыццё ізноў прыходзіць прагна,
Як у свабодную турму.

Ён ведаў, што, калі паўторна
З вантробаў матчыных на свет
Iмкнуцца будзе, дэман чорны
Наладзіцца за ім услед

I лёса будучага стужку,
Як спакушэнне, як прысуд,
Яму, спавітаму ў пялюшку,
Ён разгарне, з’явіўшы цуд.

Апанаваным вокам пільна,
Жыцця адвечнага дзеля,
Зірне на стужку кінафільма
Народжанае немаўля,

Жахнецца, сціснецца нягегла,
Каб уцячы ад сумятні
Праз тое, што калодзеж пекла
Чакае нас у судным дні.

I ў мірным ценю Iггдрасіля,
I ў лютаўскі завейны снег
Ад непазбыўнага бяссілля
Зняможа ў крыку чалавек.

Але, як толькі лямант гэты
Пасланец найвышэйшых сіл
Пачуе, то крылом агрэтым
Па вуснах плясне Азраіл!

Каб не адчуў сябе дарэмным,
Каб акунуўся ў забыццё,
Каб заставалася таемным
I непрадбачаным жыццё,

Каб лёс пранёс ля вуснаў чашу,
Якой нам вечна нестае:
Мы прагнем ведаць прышласць нашу,
I молім, каб не знаць яе.