Лёгкія на пад’ём
Работнікам хуткай дапамогі прысвячаецца
Паступіў дыспетчару званок,
нас аб вызаве апавясцілі –
і лаўровы не насіць вянок
ні бядзе, ні болю, ні бяссіллю.
Лёгкая брыгада на пад’ём,
выехаць гатовая заўсёды.
Хуткасць антылопы набяром
на аўтамабілі незацёртым.
Доктар, фельчар і шафёр імчаць
у аўто са ўключанай сірэнай.
Не перастае яна крычаць –
значыцца, камусьці надта дрэнна.
Хуткая крычыць да хрыпаты –
значыцца, у вызначаным месцы
ад бяссілля, болю ды бяды
нехта на мяжы жыцця ды смерці.
Будзем тройку гэтую гасіць,
смелыя, прывычныя да бою, –
і вянок лаўровы не насіць
ні бяссіллю, ні бядзе, ні болю.