я хачу напісаць верш
і прысвяціць яго лекам
сіропам
мікстурам
мазям
прыпаркам
вадкім
у выглядзе таблетак
у капсулах
у ампулах
словам
якім заўгодна.
мне здаецца
гэтага ніхто не рабіў
але ж, мне здаецца
трэба было б
таму што безь "ЦЫТРАМОНУ"
які я амаль што штодня прымаю
мне прыйшлося б даволі кепска
як, зрэшты, і безь "ПІРАЦЭТАМУ"
у мяне звужэнне сасудаў
галаўнога мозгу.
"ГАСТАЛ"
гэтаксама нядрэнная штука
параўнацца зь ім зможа
хіба што "СЬМЕКТА"
максымум "АЛЬМАГЭЛЬ"
але неяк ад "АЛЬМАГЭЛЯ"
мяне ледзь не званітавала.
"ВАЛІДОЛ"
няблага здымае сардэчныя болі.
"ФУРАЦЫЛІН"
я п'ю ад паноса.
у апошні час
зусім здалі нэрвы
таму, калі вам я
пакажуся залішне спакойным
ці нават магчыма крыху блазнаватым
ведайце
так уздзейнічаюць на мяне браміды
а калі вы пагрукаеце мне ў дзьверы
і я адчыню вам голы
не думайце што я займаўся сэксам
ці мастурбацыяй
не я
змазваў цела
"КЛАТРЫМАЗОЛАМ”.
хто ведае, што гэта за мазь
ужо зразумеў, мусіць, чым я хварэю.
яшчэ ў мяне ёсць сяброўка
імя яе Маша
дык вось, яна абяцала
аддаць мне свае
антыдэпрэсанты
яны ёй, напэўна, не патрэбныя зараз.
увогуле лекі
годныя, на мой погляд
таго, каб ім прысвячалі
вершы
і болей таго
паэмы.
дарэчы, нядаўна
мне мама даслала
нейкія пакістанскія "таблы"
для пячонкі
з дэбільным назовам
"БАНДЖЫГАР".
кажа
параілі ў аптэцы.
але прымаць іх
я не пачаў
ЯШЧЭ…