Сосен зябкія плечы
Цішыня спавіла.
Мне насустрач здалечы
Лесам песьня ішла.
Вечаровай часінай
Зазьвінела ў глушы
Нерастрачанай сілай
Чыстай юнай душы.
I было зразумела:
Тут не сорамна ёй
Нечаканай, нясьмелай
Першай тайны сваёй.
Тут баяцца не трэба,
Што пачуюць цябе.
Тут ёй кожнае дрэва
Спагадае цяпер.
Я стаю за ядлоўцам –
Хай спакойна міне...
I вянок на галоўцы,
I каса на сьпіне.
А ў руках – басаножкі:
Назнарок іх зьняла,
Каб адчуць, як патрошкі
Сьцежка стыць пачала.
Крочыць просекай-сьценкай
Як тунелем, адна.
Маладой-маладзенькай
Мне здалася яна.
I – на подступах ночы –
Добра бачна было,
Што сьпяшацца не хоча
Гэта песьня ў сяло.