Вершы беларускіх паэтаў

Нацыянальны паэтычны партал

Уваход

Апошнія водгукі

Раiм наведаць


Каб дадаць спасылку
на Ваш сайт, пiшыце ў
зваротную сувязь

Лічыльнікі

Ніл Гілевіч

Паэтычная старонка Нiла Гiлевiча

Раiм наведаць паэтычную старонку Нiла Гiлевiча, якая была створана ў межах Нацыянальнага Паэтычнага Парталу.

На сайце Вы маеце магчымасць пазнаёміцца з біяграфіяй паэта, а таксама з яго творамі - вершамі пра жыццё, прыроду, дружбу і, безумоўна, каханне, зазірнуць у фотагалерэю, а таксама знайсці шмат іншай карыснай інфармацыі. Для вучняў сабрана калекцыя аналізу вершаў паэта на старонцы рэцэнзіі

gilevic.jpg

Нарадзіўся 30 верасня 1931 года ў вёсцы Слабада Лагойскага раёна Мінскай вобласці ў сялянскай сям’і. Скончыў Мінскае педагагічнае вучылішча імя Н. К. Крупскай (1951), а таксама філалагічны факультэт Беларускага дзяржаўнага універсітэта (1956). Кандыдат філялягічных навук, прафэсар. У 1958—1963 гадах працаваў літаратурным кансультантам газэты «Звязда». З 1960 года працаваў на кафедры беларускай літаратуры БДУ. У 1980—1989 — першы сакратар праўленьня Саюзу Пісьменьнікаў БССР. З 1989 — старшыня рэспубліканскага Таварыства беларускай мовы імя Ф. Скарыны. Галоўны рэдактар газэты-бюлетэня ТБМ «Наша слова». З чэрвеня 1990 — старшыня пастаяннае Камісіі Вярхоўнага Савету БССР па адукацыі, культуры й захаваньні гістарычнае спадчыны. Дэпутат Вярхоўнага Савету БССР (1985—1990). У 1990 годзе быў абраны народным дэпутатам БССР. Сябра Прэзыдыюму Вярхоўнага Савету БССР.

Першыя вершы былі надрукаваны ў 1946 годзе. Выдаў зборнікі паэзіі «Песня ў дарогу» (1957), «Прадвесне ідзе па зямлі» (1959), «Неспакой» (1961), «Бальшак» (1965), «Перазовы» (1967), «Лісце трыпутніку» (1968), «А дзе ж тая крынічанька» (1972), «Запаветнае» (1975), «Актавы» (1976), «Святлынь» (1984), раман у вершах «Родныя дзеці» (1985), «Як дрэва карэньнем» (1986), «Повязь» (1987), «Жыта, сосны й валуны» (1990), «Талісман» (1994), «На высокім алтары» (1994), «Вечны матыў» (1994), «…І плямы на табе няма» (2003), «На флейце самоты» (2004).

Аўтар зборнікаў сатыры й гумару: «Званковы валет» (1961), «Да новых венікаў» (1963), «Ці грэх, ці два» (1970), «Як я вучыўся жыць» (1974), «Русалка на Нарачы» (1974), «У добрай згодзе» (1979), «Кантора» (1989), «Дыялёг на хаду» (1990), «Сказ пра Лысую гару» (2003).

Выдаў зборнікі вершаў і паэм для дзяцей: «Сцяжок на мачце» (1959), «Сіні домік, сіні дом» (1961), «Зялёны востраў» (1963), «Дождж-грыбасей» (1966), «Загадкі» (1971), «Калі рана ўстанеш» (1984), «Добры чалавек» (1987), «Мой белы дзень» (1992), «Шчаслівыя хвіліны» (2001).

Працы ў галіне літаратуразнаўства і фальклярыстыкі: «Акрыленая рэвалюцыяй» (Паэзія «Маладняка») (1962), «Наша родная песня» (1968), «З клопатам пра песні народа» (1970), «Паэтыка беларускае народнае лірыкі» (1975), «Паэтыка беларускіх загадак» (1976), «Верная вялікім запаветам: Сучасная балгарская паэзія. 1956-1976» (1977), «Вусная народная творчасць і сучасная лірычная паэзія ўсходніх і паўднёвых славян» (1978).

Публіцыстыка: «У гэта веру» (1978), «Удзячнасць і абавязак» (1982), «Покліч жыцця і часу» (1983), «Годнасць, сумленнасць, мужнасць» (1988), «Вяртанне і працяг» (1990), «Выбар» (1993), «Як не спыніць узыходу сонца…» (1993).

Фальклёрныя зборнікі: «Песні сямі вёсак» (1973), «Песні народных святаў і абрадаў» (1974), «Лірычныя песні» (1976), «Лірыка беларускага вяселля» (1979), «Народныя казкі, байкі, апавяданні і мудраслоўі» (1983),«Лесам песня ішла» (2001).

Пераклады: з балгарскае мовы: аповесць П. Вежынава «Сляды застаюцца» (1960), раман С. Даскалова «Свая зямля» (1961) і яго ж зборнік апавяданняў «Любча-безбілетнік» (1959), зборнік «Балгарскія народныя песні» (1961), анталогія сучаснае паэзіі «Ад стром балканскіх» (1965), кніга вершаў для дзяцей «Чарадзейны ліхтарык» (1968), анталогія класічнай паэзіі «Хай зорыць дзень!» (з А. Разанавым, 1973), анталогія аднаго верша «Сто гадоў. Сто паэтаў. Сто песень». (1978), кніга лірыкі Н. Вапцарава «Песня пра чалавека» (1982), Хр. Радзеўскага «Цвіціце, зёлкі, травы, дрэвы» (1985), Г. Джагарава «Зямля - як чалавечая далонь» (1984), Л. Леўчава «Мелодыя для флейты» (1990). Выйшлі выбраныя старонкі славенскае паэзіі XIX-XX ст. «Маці мая, Славенія» (1978), - казкі народаў Югаславіі «Ці страшны страх» (1970), зборнік югаслаўскай паэзыі «Па камянях, як па зорах» (1980), кніга лірыкі О. Жупанчыча «У вечным дазоры» (1985). Пераклаў шматлікія творы Х. Боцева, І. Вазава, П. Яварава, Н. Вылчава, А. Германава, I. Давыдкава, Д. Методзіева, А. Стаянава і інш. Перакладае таксама з расейскай, украінскай, польскай, сэрбскахарвацкай і іншых моваў.

Выйшлі «Выбраныя творы» ў двух тамах (1981), зборнік п'ес «Начлег на бусьлянцы» (1980), аповесьць «Перажыўшы вайну» (1988).

Кніга «У добрай згодзе» (1979) разам з перакладчыцкай дзейнасцю паэта адзначана Дзяржаўнай прэміяй БССР імя Янкі Купалы (1980). Заслужаны дзеяч навукі БССР (1980). Лаўрэат Міжнароднай прэміі імя Х. Боцева (1986). Народны паэт Беларусі (1991).



Сярэдняя: 4.5 (252 галасоў)

Iсцiна, адвечная, як свет:
Шчасце ходзiць толькi ў пары з горам.
За надзеяй — боль зняверу ўслед.
За пашанай — прынiжэння сорам.
За святлом знаходкi — горыч страты,
За агнём любвi — разлукi снег.
За абдымкамi — падножка здрады...
Iсцiна, адвечная, як свет.



Сярэдняя: 4.4 (93 галасоў)

«Любіць — не любіць...»
Помню, абшчыпваў і я
Белы рамонак.
Забава, а як хацеў
Скончыць пялёсткам «любіць»!



Сярэдняя: 4.2 (252 галасоў)

Брат мой! Братка мой! Братачка родны!
Адкажы – сам сабе адкажы:
Чым зрабіўся табе непрыгодны
Скарб бясцэнны тваёй жа душы?

Ад чаго так бяздумна, бязмоўна
Ты яго выракаешся сам?
І чаму табе так усё роўна,
Што аборай становіцца храм?

Ці таму, што калісьці падступна
Растапталі твой шчыры давер?
Што на ніве, дзе сеяў ты рупна,
Вытраўляліся ўсходы твае?

Што ў стагоддзях варожыя збродні
Распіналі твой лёс на крыжы?
Брат мой, братка мой, братачка родны,
Адкажы – сам сабе адкажы!

Жыў ты ў горы, змагаўся ў няволі,
I канаў, і сыходзіў крывёй,
I жывым ты гарэў, а ніколі
Не саромеўся мовы сваёй.

Схамяніся ж, ачніся, агледзься!
Ды разваж, ды раздумай як сьлед:
Што пакінеш ты з поля ў налецьце?
З чым нашчадкі пакажуцца ў сьвет?

Ці паверыў, што род твой бясплодны,
I свой лёс прамяняў на чужы?..
Брат мой! Братка мой! Братачка родны!
Адкажы. Сам сабе адкажы!