Сяргею Жураўлю
з павагай да таленту
Ператварыцца ў індыкатар,
Стаць фільтрам часу і падзей,
Лавіць свядомасцю імгненні,
Як сетка ловіць матылькоў,
Для размнажэння скразнякоў
Пасеяць россыпам сумненні
На глебе векавых надзей
І слухаць спевы праз лакатар…
Падобных рэчаў я аматар.
Мой дух — вандроўны чарадзей,
Які не стане на калені
Перад натоўпам крыжакоў.
Няхай яны п’юць малако
І ў белым саване малення
Цягаюць вілы па вадзе,
Свой розум кінуўшы за краты.
А я між тым палезу ў кратар
На злосць хлуслівай чарадзе,
Каб сыпаць атамы праменняў
На сонных праведных быкоў.