Памяці Міхася Савіцкага
Хіба ж быць можа куточак глухім,
Дзе шумны гай, гаварліўка крыніца?!
Толькі ў прыгожых мясцінах такіх
Мог ён, вялікі мастак нарадзіцца.
Яркія краскі цвілі для яго
Ў лузе за роднаю вёскай Звянячы.
І ад здзіўлення аж дых заняло,
Як першы раз тут вясёлку убачыў.
Вырасці тут ён не чулым не мог –
І не натхніцца на радасць і мукі
Творчасці, як і кахання, –
Сам Бог
Пэндзаль і фарбы падаў яму ў рукі.
І на здзяйсненні быў лёс не скупы, –
Ўпартая праца была яму святам.
Майскім дажджом ад любові сляпым –
Выпала светлых імгненняў багата.
І давялося праз пекла прайсці,
У Бухенвальдзе з тугою сустрэцца.
Нумару, што там на робе насіў,
Лічбы ляглі на збалелае сэрца.
Змыць тыя лічбы гады не змаглі
Аж да канца яго шляху зямнога…
Гэтыя лічбы – на сэрцы Зямлі,
Гэтыя лічбы – на сэрцы у Бога.