Лідзянка з торбай
У 20-30-я гады XX стагоддзя па вуліцы Сувальскай (цяпер Савецкая) у Лідзе, па прыблізных падліках, размяшчалася больш за 150 прадпрыемстваў гандлю і паслуг.
Гасцініцы, кінатэатры
ды шчыльныя шэрагі крам…
Я горад, на крамы багаты,
у вершы паказваю вам.
***
Ад завода Шапіраў да замка
працягнуўся адрэзак Сувальскай.
Гэта вуліца – нібы лідзянка
з торбай розных пакупак грувасткай.
***
Пачастуй цукерачкай,
блізкая “Амерыка”!
Хоча піць спякотай Янка –
піва дасць яму “Лідзянка”.
Сяду за свабодны столік,
павячэраю ў “Брыстолі”.
Не прайсці ля магазіна,
дзе духмяная вяндліна.
Тут для вас, пакупнікі,
кілбаса ды кумпякі.
Лідскае высока вельмі
на выставах цэніцца –
золата прывезла з Вільні
каўбаса Радзевіча.
***
Завушніцы і падвескі
робіць ювелір Гавенскі.
Каб пахучым стаў ураз ты,
ёсць адэкалон у “Астры”.
Пальчык ад марозу стыне?
Ёсць пальчатачкі ў “Галіне”.
“Дзе ўзяць радыё, парайце”. –
“Ёсць яно ў «Электрарадзе»”.
Пакамечанае ўраз
выгладзіць электрапрас.
Ляжаць радамі шчыльнымі
ліхтарыкі, лічыльнікі.
Я ў Крыгеля з Жыжомскім
прыдбаў прыёмнік “Філіпс”.
Прачнуўся ранкам дом з ім,
з-пад коўдры кожны вылез.
***
Каму зубоў здароўе дорага,
звяртаецца да стаматолага.
Чытаць – карысна і пачэсна.
Гандлюе кніжкай Пугачэўскі.
І дарослыя, і дзеці
тоўпяцца ў бібліятэцы.
Выдае Іосіф Альбірт
“Лідскія навіны”.
Нас газета гэта вабіць.
Шмат у ёй знайшлі мы.
Уключайце раненька
радыё Шчапанека!
У кіно, нібыта ў сон,
пагружае “Эдысон”.
***
Гасцініцы, кінатэатры
ды шчыльныя шэрагі крам…
На плёнцы Сувальскай, як кадры,
будынкі паказваю вам.