У лістападзе, як на дзіва,
Заўжды змывае ўсю імжу
Пахмельнай пропіссю курсіва
Дыяганальнага дажджу.
Прастора горада пусцела
Да зазімку напагатоў,
I той хаваў худое цела
Ў валасяніцы халадоў,
Варочаўся ў працяглым свісце
Праз ноч і вецер напралом,
Падзёртае няслося лісце
Калматым рыжым табуном.
Замеры мне даруй благія,
Бязлюднасць вулак і двароў –
Я ўспамінаю настальгію
Асенніх цёмных вечароў.
Яны, захутаныя кофтай,
Зусім падобнай да брані,
Пад беласнежнай сопкай коўдрай
Хаваюць сумна нашы дні.
Скавала ланцугамі сцюжы
Шчымлівы восеньскі разброд,
I лёд суцішыў подых лужы,
Заціснуўшы вільготны рот.
Забудзем марнае шматслоўе,
Пакінем гэту кругаверць,
Нас прагне ціхае зімоўе,
Амаль нагадваючы смерць.
Парэшткі бабінага лета
Рассыпаліся ў пыл і прах,
Дзе дрэў кашчавыя шкілеты
Ўразлад вандруюць па снягах,
Змяінае спляценне ценяў
Закручваючы мітуснёй.
I нашы ўласныя спляценні
Iх непакрытасці раднёй.
Iм так жа мроіць без надзеі,
Як нам нясілець без надзей
З татуіроўкамі завеі
На кволай чырвані грудзей.