У змеяватых скрутках дроту
Лісток уздрыгвае гаротна.
Да блізкіх дрэваў – сотні метраў.
Яго сюды занесла ветрам
I тут зжаўціла і скруціла
Зімы бязлітасная сіла.
А быў нядаўна ён зялёны
I жыў пад велічнай каронай,
З вятроў уцешна насміхаўся,
То трапятаў, то калыхаўся.
I вось аднойчы адарвала
I закружыла, загайдала,
Панесла жудасна і хмура
Яго шалёная віхура,
Ды бестурботна ён куляўся,
То ўверх ляцеў, то ўніз спускаўся
I не прадбачыў у палёце,
Што пачарнее тут, у дроце.