Вершы беларускіх паэтаў

Нацыянальны паэтычны партал

Уваход

Раiм наведаць


Каб дадаць спасылку
на Ваш сайт, пiшыце ў
зваротную сувязь

Лічыльнікі

Лісты да С.

Сярэдняя: 4 (12 галасоў)

1

Дабранач. Позна ўжо. Зіма
Не сёння-заўтра ўсіх абдыме,
І я ў цыгарэтным дыме
Буду хавацца. Ад віна,
Якое я вазьму з сабою,
Не закружыцца галава,
Таму што гэтая зіма
Нас паяднала. І што я
Адзін раблю сярод начы,
Калі павінен быць з табою,
Як у шматмесячным запоі…
Дабранач. Ужо позна. Спі.

2

Дзень добры. Сонца ўжо ў зеніце,
Я ўсё яшчэ ляжу… Настрой
Хваробай сапсаваны мой,
Нібы расейскі горад Піцер.
Той праменад у снегапад
Даецца мне цяпер у знакі,
Ды што цяпер яго аплакваць,
Калі ён фатум альбо кат?..
А ты… што робіш зараз ты?..
Трызненнем мой забіты розум,
Як шыбы лютаўскім марозам,
Ад нематы да хрыпаты.
Сядзіш, відаць, ты на канапе
З маёю кнігай у руках,
Але цябе яе чытаць
Прымусіў малады твой тата.
І ты праз слёзы на губах,
Уголас, беларускай мовай,
Нібы язычніцкай замовай,
Прэч ад мяне свой гоніш страх…
Мая хвароба вочы засціць,
Правальваюся я ў туман,
Нібы ў балоцістую твань,
Не чуючы, хто кажа “здрасьце”.

3

Дзень добры зноў. Кудысь знікае
Блакіт нябёсаў за вакном,
Нібы карычневым крылом
Ноч-крумкачыха засланяе.
Аднак да ночы -- яшчэ час,
Які не размяшаеш кнігай,
Тым больш, што хуткая адліга
Не хутка шчэ накрые нас.
І што рабіць? Сусед заняты.
З мабільным цешкаецца. Ён
Чакае, калі ж паштальён
Дашле ўрэшце рэшт сім-карту.
І ён не курыць. Мне курыць
Таксама нешта неахвота,
Вось толькі б адшукаць работу,
Каб у тэатр цябе звадзіць.
Ці ты была калі ў тэатры? --
Кіном не насалодзіш густ,
А развярэдзіш, як той “куст”,
Што я прайграў з адчаю ў карты.
Ды што тэатр? Тут жыццё
Такое, што не ўстаць-не сесці!..
Ці згодзішся ты стаць нявестай,
Калі я папрашу, маёй?..

4

Вечарэе. Па чарзе, як па загаду, вокны
Загарацца, нібы вочы, пачалі ў дамах.
І аднекуль узнікае страх,
І як ртуць, гарэзліва падскоквае.
Вечарэе. Я табе патэлефанаваць
Не змагу, ачмураны сябрамі,
У пракураным і танным бары,
Стомлены заўсёды наліваць;
Стомлены размовамі пра “дзевак”,
Колькі ім было, куды і як…
І пры чым там казачны каньяк?..
Накірункі правы або левы?..
Як мне надакучыла ўсё!..
Можа, я і патэлефаную…
Адзін аднаго ўжо цалуюць
Сябрукі. Тады яшчэ па “сто”…

5

Ноч. Музыка. І неяк знобка,
Хоць і пад коўдраю, ляжаць
І што ёсць моцы ўспамінаць
Цябе ды рэшту ад заробка.
Маўчаць цяпер скупыя сны,
Да раніцы яшчэ далёка.
Чорнага неба востры локаць
Бяльмом тырчыць у акне зімы.
А я вачэй тваіх не помню.
Не, вочы помню. Колер -- не.
Відаць, згубіў яго ў віне.
Як непрыгожа. Але што мне
Ад колеру тваіх вачэй
У лапах гэтай стылай ночы,
Якая ну ніяк не хоча
Рабіцца месяцам начэй?..
Затое помню твае рукі,
Пазногці доўгія, адзін
Крыху зламаны, але ім
Не сапсуеш карціны. “Букер”
Не атрымаць ніколі мне,
А патрымаць тваю далоньку
Не так, як кніжную старонку,
Шанс, думаю, не абміне.
Цяплом ад гэтага падзьмула…
Я спадзяюся, што цяпер
Мой звышадчайны намер
Мае трывалісты падмурак.

6

Дзень добры зноў. Мая рука,
Па-злодзейску, да тэлефона
Крадзецца, ды безвынікова:
Слоў у рукі маёй няма.
А каб былі, што б, мне цікава,
Табе распавяла б яна?
І ці б парвалася струна
Дасюль маўклівае гітары?
Хаця, пры чым тут гэта ўсё?..
Відаць, мне час ісці напіцца,
Бо я не прынц, тым больш, не рыцар.
Я -- іншы. Быццам той шахцёр,
Вяду здабычу трапных рыфмаў
У шахце вобразаў і слоў…
Што для цябе будзе маной,
Мне -- праўдаю. Хто закалыхваў
Твой позірк на вуглу начы,
Калі шукалі мы адхлання?
Я не знайшоў цябе пад ранне,
А побач грукалі мячы.
То фільм кіношнікі здымалі,
А ты падумала -- вайна.
Што ж, я -- не рыцар. Ты -- адна.
І пустата ў глядацкай зале.

7

Дабранач. Вось цяпер усё.
Канец рамана. Ці пачатак?
Я заплаціць не змог падатак
За дадзенае мне жыццё,
Таму і маюся па свеце,
Але не так, як дон-Кіхот,
Хутчэй, мой маецца жывот,
Я ж блытаюся, як той вецер.
Куды табе мяне кахаць?
Хаця каханнем не пакрыўдзіш.
Навошта тады гэты “кіпеж”?
Таму што мне не 25???
Шкада, не зразумелі зразу.
Тады, відаць, раману -- швах.
Мне зноў вяртацца да “дзявах”,
Табе здавольвацца паразай.