Калі сэрца тугой шчымела,
Бо яму святла не хапала, --
Да мяне заходзіў нясмела
Летуценнік Янка Купала.
Калі я, прыгнечаны нечым,
Забываўся на ўласны голас, --
Мне расправіць прыходзіў плечы,
Па-бацькоўску, Якуб Колас.
Часам, хворы, шукаў адхлання
На мяжы небыцця і свету, --
І гучалі, як апраўданне,
Багдановічавы санеты.
А калі мне мой лёс адчайна
Пад надзеямі крэсліў рысу, --
Сустракаўся за шклянкай чаю
Я ў кавярні з Толікам Сысам.