Вадзіму
Ліяны слёз над безданню адчаю
Малюе дождж струменямі на шкле.
На попелішчы часу дзень сатлеў,
Пакінуўшы сляды за небакраем.
Вярэдзіць сэрца зноў туга старая.
Грахом няздзейсненым твой вобраз паўстае.
Я ўсё зрабіла правільна, але
Чаму ж сябе за гэта дакараю?
Калі разважнасць з трону саступае —
Становяцца пачуцці на чале…