Міхасю Стральцову
Лугоў зялёнае міжброўе,
Вада — славянскай сінявы.
Мне кожны колос Прыдняпроўя
Жадае добрага здароўя
Паклонам русай галавы.
Вось бескапытная дарога
Звініць у бесканечнасць дня.
Нібы на маманта жывога,
Гляджу на рыжага каня.
Зямля — у воблаках і мяце, —
Ляці увысь,
Глыбока сей!
Сасна паклікала, як маці,
Працяжна, глуха: «Аляксей...»