З-пад пастаўскіх шумлівых,
Птушказвонкіх лясоў
Першы раз я на мора
Любавацца прыйшоў.
І душа трапятала
Пад вятрамі, як ветразь,
Ашалела нырала
Ў акіянскую светласць.
I, пакінуўшы цела,
Над раздоллем вады,
Быццам птушка, ляцела
Невядома куды.
Я стаяў ля прычала,
Ад прасторы нямеў,
А прыбой паміж скалаў,
Як малеча, дурэў.