Маёй краіне шмат гадоў баліць,
Аб чым прамовы красамоўцаў сведчаць.
Тут слова «бруд» у слоўніках стаіць
Як тоесны сінонім слову «вечнасць».
Мы хутка ўсе забыліся наўздзіў:
Амерыканка, Рудня, Курапаты!..
Па крузе нас сляпы прарок вадзіў
Ды зноў прывёў да зруйнаванай хаты.
Але ў сяродку музыка жыве
I пакрысе мінулае цярушыць.
Як туркаўка ў факіра ў рукаве
Вярнуцца гукі, што загаюць душы.
Ну, а пакуль – вярыгамі гірлянд
Гуляе завіруха ледзяная,
I ветрам беларускі фатэрлянд
Ад Горадні да Гомлі працінае.
Нясе віхура безупынны сверб,
Пагібельнай каростай пагражае,
Бо свастыка, падобная на серп
I молат, хіжа просіць ураджая.