Вершы беларускіх паэтаў

Нацыянальны паэтычны партал

Уваход

Раiм наведаць


Каб дадаць спасылку
на Ваш сайт, пiшыце ў
зваротную сувязь

Лічыльнікі

МАЭСТРА

Сярэдняя: 3.9 (14 галасоў)

Валерыю Анісенку

Над сцэнай свету круціцца Зямля,
Падвешаная на шматлікіх лёсах…
З якога кубка долю караля
Ты піў, трымаючы жабрацкі посах,
Што кожны дзень са змучанай душой
Пад енк дуды і крокі падэкатра
Iграў у барацьбе святла з імжой
Тугу Яго Вялікасці Тэатра?
Нашто рабочы сцэны з малатком
Рыхтуе свет прытулкаў і палацаў,
Калі жыццё нагадвае сітком,
Дзе дробны чорт Афелію абмацаў?
Стучы, стучы, дакучны малаток!
Хай Клаўдзія змардуе «Мышалоўка»!
Руплівец – хлус, а маналог – падлог,
Пакрэмзаны парэшткамі алоўка.
З усіх пакут табе заплаціць грош
Глядач бяздушны папалам з актрысай –
Сядзіць у зале кабала святош,
Iкае сытай парасячай пысай,
Бо для яе артыст – штукарскі смерд
З якімсьці недарэчным ідэалам.
Як і заўжды, асуджаны на смерць
Зацюканы апостал трыбуналам…
Але ты ўсходзіш нанава на крыж
Палітых потам і крывёй падмосткаў,
Нягледзячы на сіверны скавыш,
Які ляціць з апладысментаў хвостка.
Мы паваюем, публіка, з табой,
Мы схопімся ў баі, што барацьбіты,
Каб і сягоння ўвечар шар зямной
На пруткіх лёсах не зышоў з арбіты!