Засыпалі вочы яго —
жывыя крыніцы.
Паатручвалі кроў —
рэчкі і рэкі.
Сцерлі памяць аб продках —
кляштары, камяніцы.
Зубы выбілі ўсе —
не баліць, як няма зубоў.
Адкусілі язык —
за яго скажуць тое, што трэба,
скажуць так, каб ён слухаў,
ад шчасця, разявіўшы рот,
што прад ім далеч ясная,—
а над ёю блакітнае неба
і што ён расквітнеў,
як ніводзін на свеце народ.