Ад мамы засталіся акуляры
На століку каля старых газет.
Гляджу праз іх і бачу толькі хмары,
А мама бачыла ўвесь белы свет
І вуліцу, якой я ў горад ехаў
На пару год, а выйшла— назаўжды.
Газеты, нібы з леташняга снегу,
Дзе літары, як з мёртвае вады,
Што супынілася і пачарнела,
Як і для мамы тут спыніўся час.
Праз акуляры мама не ўглядзела,
Калі яе жыццё прайшло праз нас,
Пакінуўшы ад мамы акуляры
На століку каля газет старых.
Гляджу праз іх і раптам бачу мары,
Якія мама бачыла праз іх…
30.09.2013
Блестяще. Не понимаю, почему
Блестяще. Не понимаю, почему оценки такие сдержанные.