Вершы беларускіх паэтаў

Нацыянальны паэтычны партал

Уваход

Раiм наведаць


Каб дадаць спасылку
на Ваш сайт, пiшыце ў
зваротную сувязь

Лічыльнікі

МАНАСТЫРСКАЯ ПЕСНЯ

Сярэдняя: 4.7 (13 галасоў)

– Не сварыся, матухна, матухна-ігумення,
Не крычы на дзеўчыну, не няслаў дурной.
Лепей прыгалуб мяне, шчыра адмалі мяне,
Бо на твары – слёзачкі, а на сэрцы – гной.

Як пагасла сонейка, як заззялі зорачкі,
Княжыч-Месяц новенькі ў неба выступаў,
I наўстрэч да Княжыча я ляцела з горачкі,
Бегла, неразумная, што бруя са скал.

Ты не лайся, матухна, матухна сярдзітая,
Мне і так абразліва, цяжка на душы,
Душачка пабітая ды слязьмі памытая,
Хоць вазьмі ты душачку ды і задушы.

Рукі яго зухамі назалялі мухамі,
Адганяць дакучлівых не хапала сіл.
Толькі сэрцы бухалі, толькі совы слухалі,
Што ён у дзяўчыначкі глупай папрасіў.

Не кляні ты, матухна, матухна гняўлівая
Дзеўку неслухмяную, словам не журы,
Бо і так мне выпала доля нешчаслівая,
Бо і так абрыдліва мне ў манастыры.

Твар яго сярэбраны ды валоссе нетрамі,
Я ў гушчэчы нетравай заблудзілася,
Ды ўляцелі ветрава злыя словы вепрамі –
Так журба пад рэбрамі пасялілася.

Вой, паплачце, дзеўчынкі, вы чарнічкі мілыя,
Вы таксама моташна носіце ў душы
Нашы дні астылыя; думкі чарнакрылыя
Кружацца пакутамі, нібы мурашы.

Гора маё горкае, што міргаеш зоркамі?
Што ты адбіваешся ноччу па расе?
Паглядае Месячык прамянямі зоркімі,
Як вісіць самотніца на тугой касе…