Разяў — ад досвітку няма адбою,
Пусці — гатовы абламаць штыкет
I выструняцца, каб цаной любою
Пабачыць дзіва, што не бачыў свет.
А ў гэтай бочцы — ані дна, ні века,
Крукі мігцяць накшталт драпежных ікл,
I стомленая постаць чалавека,
Што неахвотна вывеў матацыкл.
Завёў матор, нагамі ўзяў педалі,
Махнуў і — пакаціўся па сцяне
Хутчэй-хутчэй-хутчэй! I задрыжалі
Ўсе клёпкі, а мурашкі — па спіне.
Раскінуў рукі —
сам жа ўверх і з горкі —
Павязку ўздзеў, даверыўся рулю
I — коламі выпісвае васьмёркі,
Нібы сабе завязвае пятлю.
Мне душна і ў расшпіленай сарочцы,
Калі гляджу, усцішваючы жах,
Навек — матацыкліста ў гулкай бочцы —
З павязкай на задумлівых вачах.