… I калі павялі Яго, як абавязваў закон,
Кожны волас Яго аб’яўляючы па-за законам,
Ты, за сон палічыўшы жахлівы, ганебны палон,
Да астачы чакала, мо ён зберажэцца палону.
У сярэдзіне радаснай, прагнай, што воўк, мітусні,
Між натоўпу, які вінаваціў праклёнам шчасліва,
Ты хацела сканаць, да гары скіраваўшы ступні,
Дзе драпежнае мора гуло ад людскога наплыву.
Зазіраючы ў бельмы і поўныя слінай раты,
Падзяляючы ў сэрцы пароўну любоў і пагарду
Двух аскепкаў эпохі, у сэрцы разрэзаным ты
Праз пакору адно не пасмела пакінуць спагаду.
Нават там на вяршыні, калі Яго кат крыжаваў,
А абветраны воін між рэбраў кап’ё Яму ўставіў,
Ты, схаваўшы ў грудзях апустошаных роспачны гвалт,
Разумела, што роднае – гэта цяпер супраць правіл.
Пад іржанне п’янчуг, што багата хапілі віна,
Скрозь натоўп разявак, што пацех зажадаў па-плебейску,
Ты маўкліва ішла, і расла адчужэння сцяна,
Бо ўзваліў Яго кроў на сябе твой народ іудзейскі.
I, калі вар’яваліся ўсе, бы на ловах звяр’ё,
То маленнем такім, што не снілі і высі Сіная,
Выкупляла ад чорнага космасу сэрца тваё
Ўсіх, хто роў «Разапні!», і твая міласэрнасць святая!