Маці ўсіх бомбаў абняла дзяцей:
– Я не аддам вас ніколі
ў рукі нянавісцю хворых людзей!
Годзе ўжо жаху ды болю!
Зноўку пад крылы падвесіць не дам!
Ціха ляжыце ў куточку.
Бо людзі раскідваюць вас тут і там,
б'юць па дамах і садочках.
Надпіс "ЗДЕСЬ ЛЮДИ!!!" не спыніць людзей –
Такія яны душагубы.
Няма ў гэтым свеце пачвары люцей,
якой жыцця радасць не люба.
Крычаць "мы же братья", ды ў спіну – кінжал
Або скінуць КАБы на горад.
Няважна, радзільня, ЦЭЦ ці вакзал –
паўсюль чыняць чорнае гора.
Вы будзеце падаць і выбухаць,
руйнуючы жыцці ды гмахі.
То лепей вам у схованцы, дзеткі, ляжаць,
мае ж вы гаротныя птахі!
Але адчыніўся са скрыпам ангар.
У маці дзяцей адбіраюць
і зноўку, ізноў той смяротны цяжар
пад чорныя крылы чапляюць.
Палаў Марыюпаль, Харкаў гарыць,
Дымяцца Бахмута руіны
Ніхто не рашыцца неба закрыць
Ды ўратаваць Украіну.
У бомбасховішчы сцены дрыжаць,
маці дзяцей прыхінула.
Мо бомбы ў сховішча час пахаваць,
забыцца, пакінуць у мінулым?
Усім вольным людзям той мроіцца час,
Усе хочуць жыць мірна, багата.
Адно толькі трапныя ўдары ў адказ
прымусяць спыніцца вар'ятаў.(2024)