Натхнёна я збіраю словаў кветкі.
Іду праз багну праўдзе напрасткі.
А мне б узняцца да тае паэткі,
Што песню жніва склала на вякі.
Шчыруй, пчала мае рукі вясковай.
Спазнала й я, як моцна джаліць серп.
І прысмак горкі ў хлебе верасовым –
Ды ў жнейкі той быў найгарчэйшы хлеб.
Таму і песня з мудрасцю прыроднай
Сабрала боль і краскі каласоў –
Як неабсяжнасць той душы народнай,
Што ў тысячах разліта галасоў.
Жыцця выток – мазольную дарогу –
Паэтка-жнейка ўзрошчвала слязой.
І вырастала споведдзю да Бога
Тая песня з цэпам і касой.
Праз боль яе снапы раслі у бабкі.
Дажынкі – гімнам хлебу-галаве.
А тая жнейка – то мая прабабка.
Або ва мне душа яе жыве.
Таму, каб мне такую песню скласці
І пра свае самотныя часы,-
Ахвярным зернем трэба ў полі пасці...
Душу спатоляць вершаў каласы.
1988