Бярозу жывяць сокам карані…
І ў шэрасці паслязімовай слоты
Ўсім недаверам стомленай істоты
Я адчуваю, як спачатку ўпотай
Вясна нанова пачынае дні!
І ты свой век і час не абміні,
Як недарэчна паступілі готы.
Няма ніколі плёну ад дрымоты.
Для будучага мёду трэба соты.
Вясне насустрач сэрца расхіні!
Над хмарамі заўсёды прамяні –
Гучаць мажорна сонечныя ноты.
Раней адліга, а пасля – грымоты.
Ў вірлівай плыні не губляй стырно ты,
Вясну свайго жыцця не праміні!
1999/2002